Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Неспакойнае сэрца

Эманюэль Мунье і хрысціянскі персаналізм

Ірына Кухальская
Ірына Кухальская
27.08.2026 праглядаў 8 хвілін чытання
Эманюэль Мунье і хрысціянскі персаналізм

У гісторыі каталіцкай думкі і хрысціянскай антрапалогіі ХХ стагоддзе стала перыядам інтэнсіўнага пошуку адказаў на драматычныя выклікі часу. Гэта была эпоха, якая спарадзіла разбуральныя таталітарныя ідэалогіі, сусветныя войны і глыбокія эканамічныя зрухі. У гэтым кантэксце ўзнікла вострая патрэба ў філасофіі, якая змагла б абараніць годнасць чалавека, не ператвараючы яго ні ў бязлікі элемент дзяржаўнай машыны, ні ў ізаляванага спажыўца, заклапочанага толькі ўласным дабрабытам.


Сярод мысляроў, якія зрабілі найбольш значны ўклад у вырашэнне гэтай праблемы, адно з цэнтральных месцаў займае Эманюэль Мунье — французскі філосаф, публіцыст і заснавальнік кірунку, вядомага як персаналізм. Сёння, у ХХI стагоддзі, калі чалавецтва сутыкаецца з новымі формамі адчужэння, лічбавай ізаляцыяй і пасткай эгаістычнага камфорту, філасофская спадчына Мунье набывае асаблівую актуальнасць. Яна прапануе цэласны і дзейсны погляд на развіццё чалавека, які патрабуе адвагі, адказнасці і выхаду насустрач іншаму.


Сведчанне веры праз інтэлектуальнае служэнне

Эманюэль Мунье нарадзіўся ў 1905 годзе ў французскім горадзе Грэнобль у сям’і з глыбокімі хрысціянскімі каранямі. Яго станаўленне адбывалася ў асяроддзі каталіцкай інтэлігенцыі. З маладых гадоў выяўлялася яго актыўная грамадская пазіцыя: удзел у арганізацыях «Каталіцкага дзеяння» і дабрачынных ініцыятывах таварыства святога Вінцэнта дэ Поля дазволіў будучаму філосафу ўбачыць рэальныя сацыяльныя праблемы і патрэбы простых людзей.


Філасофскую адукацыю Мунье пачаў атрымліваць у Грэноблі. У 1927 годзе навучанне працягнулася ў парыжскай Сарбоне. У сталіцы Мунье хутка ўвайшоў у колы вядомых каталіцкіх мысляроў. Значны ўплыў на яго аказалі сустрэчы ў доме знакамітага філосафа-таміста Жака Марытэна, дзе вяліся дыскусіі з удзелам Габрыэля Марсэля і Мікалая Бярдзяева. Аднак галоўным духоўным і маральным арыенцірам для Мунье стаў французскі пісьменнік і паэт Шарля Пэгі, чый прынцып бескампраміснай вернасці праўдзе стаў асновай жыцця самога філосафа.


У 1932 годзе Мунье зрабіў выбар, які вызначыў яго далейшы лёс. Адмовіўшыся ад перспектыўнай і спакойнай акадэмічнай кар’еры ва ўніверсітэце, ён разам з паплечнікамі заснаваў часопіс «Esprit» («Дух»). Гэтае выданне стала цэнтрам магутнага інтэлектуальнага і духоўнага руху. Мунье адмаўляўся ператвараць яго ў чыста рэлігійнае перыядычнае выданне для набожнага чытання. Гэта была пляцоўка для сумленнай дыскусіі пра палітыку, эканоміку і культуру, зыходзячы з хрысціянскіх пазіцый.


Перыяд Другой сусветнай вайны стаў часам практычнага выпрабавання філасофіі Мунье. Часопіс «Esprit» быў забаронены калабарацыянісцкім урадам Вішы, а сам філосаф далучыўся да падполля і руху Супраціўлення. У 1941 годзе ён быў арыштаваны па падазрэнні ў падрыўной дзейнасці. Знаходзячыся ў зняволенні, Мунье трымаў пратэстную галадоўку, абараняючы сваю годнасць і правы. Па вызваленні ён працягваў працу ў падполлі, а пасля заканчэння вайны аднавіў выданне часопіса.


Жыццё мысляра абарвалася рана: 22 сакавіка 1950 года ва ўзросце 44 гадоў ён памёр ад сардэчнага прыступу, выкліканага фізічным і нервовым ператамленнем. Нягледзячы на кароткі жыццёвы шлях, пакінутая ім спадчына стала фундаментам для хрысціянскай думкі наступных дзесяцігоддзяў.


Філасофскі кантэкст

Для глыбейшага разумення персаналізму неабходна акрэсліць гістарычны і філасофскі кантэкст, у якім ствараліся працы Мунье. У 1930-я гады Еўропа знаходзілася ў стане вострага ідэалагічнага падзелу. Тады панаваў капіталізм (сістэма, дзе ўсё круціцца вакол грошай і прыбытку), і як раз у гэты час пачаўся страшны эканамічны крызіс, людзі гублялі працу і бяднелі. Гэтая сістэма будавалася на прынцыпах крайняга індывідуалізму, дзе чалавек успрымаўся ў якасці спажыўца або рабочай сілы, якую можна танна купіць. Мунье востра крытыкаваў такі падыход. Ён казаў, што капіталізм занадта зацыклены на рэчах і грошах, а чалавечую годнасць нельга вымяраць памерам кашалька ці дарагою маёмасцю.


З іншага боку, набіралі сілу калектывісцкія таталітарныя сістэмы — савецкі камунізм і еўрапейскі фашызм. Гэтыя ідэалогіі прапаноўвалі ілжывае вырашэнне праблемы індывідуалізму праз поўнае падпарадкаванне чалавека калектыву, класу або дзяржаве. Чалавек у такіх сістэмах пазбаўляўся сваёй унікальнасці і ператвараўся ў бязлікі «вінцік» дзяржаўнай машыны.

Каталіцкі персаналізм Мунье стаў спробай знайсці «трэці шлях» — альтэрнатыву, якая адначасова адкідала б і эгаістычны індывідуалізм, і прымусовы калектывізм. Сутнасць гэтай філасофіі простая: грамадства створана для чалавека, а не чалавек для грамадства. Але пры гэтым чалавек не можа быць шчаслівым у адзіноце. Стаць сапраўднай асобай можна толькі тады, калі жывеш сярод людзей і робіш нешта карыснае для іншых.


Антрапалогія персаналізму

Ключавым тэарэтычным падмуркам філасофіі Эманюэля Мунье з’яўляецца выразнае адрозненне паміж паняццямі «індывід» і «асоба». Гэты падзел мае не проста тэрміналагічнае, але практычнае і духоўнае значэнне.


Індывід у рэчышчы персаналізму — гэта чалавек, які разглядае сябе як ізаляваную адзінку, цалкам замкнёную ў прасторы ўласнага «я». Гэта біялагічная і эгаістычная істота, галоўнай мэтай якой становіцца пошук асабістага спакою, камфорту і абароны сваіх правоў ад замахаў знешняга свету. Мунье бачыў у індывідуалізме каласальную небяспеку. Калі чалавек імкнецца толькі да ўласнага камфорту і замыкаецца на сабе, ён непазбежна губляе духоўную глыбіню і жывую сувязь з іншымі людзьмі і з Богам. Жыццё па прынцыпе «мяне гэта не датычыцца» або задавальненне тым, што «усе так робяць», вядзе да ўнутранай дэградацыі і пустэчы. Індывід патрабуе валодання і спажывання; ён хоча браць, а не аддаваць.


Супрацьпастаўленне гэтаму — асоба. Гэта чалавек, які ўсведамляе сябе створаным па вобразу і падабенству Божаму. А Бог — не нейкі самотны касмічны манарх, гэта Тройца, а значыць Супольнасць Любові. З гэтага Мунье робіць радыкальную выснову: асоба не можа існаваць у ізаляцыі. Яна становіцца асобай толькі тады, калі выходзіць за межы свайго «я», калі адкрываецца Богу і ідзе насустрач іншаму чалавеку.

Калі індывід імкнецца захаваць сябе праз закрытасць, то асоба наадварот — праз адкрытасць і дар сябе. Развіццё асобы — гэта не эгацэнтрычны працэс самаўдасканалення, а стыль жыцця, які патрабуе пастаяннай камунікацыі і гатоўнасці да ахвярнасці.


Тры фундаментальныя вымярэнні чалавечай асобы

Каб апісаць структуру і дынаміку развіцця чалавека, Мунье вылучае тры асноўныя вымярэнні, якія павінны знаходзіцца ў гарманічным балансе. Гэтыя вымярэнні вызначаюць адносіны чалавека са светам, людзьмі і Богам.


Увасабленне (сувязь са светам)

Хрысціянства вучыць, што Бог стварыў чалавека як цэласнасць душы і цела. Персаналізм падкрэслівае, што вернік не мае права ўцякаць ад рэальнага свету і яго праблем у прастору ілюзій ці чыстай духоўнасці. Чалавек закліканы змяняць і паляпшаць грамадства, у якім жыве — праз штодзённую працу, дабрачыннасць і клопат пра справядлівасць.


Саўдзел (сувязь з іншым чалавекам)

Сапраўднае нараджэнне асобы адбываецца ў дзеянні, адказнасці і здольнасці ісці да іншага чалавека. Мунье супрацьпастаўляў «саўдзел» пасіўнасці і бясконцаму чаканню нейкага «ідэальнага моманту» для пачатка дзеяння. Нельга быць хрысціянінам у адзіночку. Чалавек рэалізуе сябе праз адкрытасць перад іншымі, а таксама разбурэнне бар’ераў падазронасці і эгаізму.


Пакліканне (сувязь са Створцам)

Гэта самае глыбокае вымярэнне асобы, якое звязвае яе з Богам і духоўным светам. Чалавечае жыццё мае абсалютную і непаўторную каштоўнасць, паколькі кожны чалавек створаны па вобразе Божым і пакліканы да вечнага жыцця.


Пакліканне праяўляецца праз унутраную прастору чалавека — сумленне, малітву, рэфлексію і здольнасць рабіць свабодны выбар на карысць вышэйшых каштоўнасцей. Вернасць свайму пакліканню дазваляе чалавеку захаваць унутраную свабоду нават тады, калі знешнія абставіны ці грамадскі ціск спрабуюць яго зламаць. Пакліканне патрабуе ад чалавека быць верным праўдзе, нават калі гэта супярэчыць меркаванню большасці.


Шлях веры і трансфармацыя паразаў

Разуменне развіцця чалавека ў філасофіі Эманюэля Мунье прынцыпова адрозніваецца ад павярхоўных сучасных тэорый асабістага поспеху ці псіхалагічнага самаўдасканалення. Для Мунье гэты працэс — не лёгкі шпацыр, а стыль жыцця, які патрабуе мужнай веры.


Жыццё ў рэальным, пашкоджаным грахом свеце непазбежна звязана з выпрабаваннямі, крызісамі, сутыкненнямі з несправядлівасцю і асабістымі памылкамі. Чалавек, які выбірае шлях асобы, а не індывіду, не застрахаваны ад няўдач. Аднак адметнай рысай персаналізму з’яўляецца стаўленне да гэтых цяжкасцей. Хрысціянская мужнасць выяўляецца не ва ўцёках ад праблем, а ў здольнасці сустракаць іх тварам да твару.


Мунье падкрэсліваў, што развіццё асобы — гэта здольнасць ператвараць нават свае паразы і жыццёвыя крызісы ў кропкі росту. Няўдача не павінна станавіцца прычынай для роспачы або капітуляцыі перад абставінамі. Перажытая з годнасцю і верай параза становіцца вопытам, які гартуе ўнутраны стрыжань чалавека, пазбаўляе яго ад ілюзій і самаўпэўненасці, робіць больш чулым да болю іншых людзей. Трансфармацыя паразаў у кропкі росту — гэта праява вышэйшай духоўнай свабоды, якая даруецца чалавеку праз Божую ласку.


Уплыў на каталіцкую думку

Філасофскія шуканні Эманюэля Мунье і руху «Esprit» аказалі каласальны ўплыў на развіццё Каталіцкага Касцёла ў другой палове ХХ стагоддзя. Менавіта ідэі персаналізму ляглі ў аснову многіх дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, які падкрэсліў годнасць чалавечай асобы і неабходнасць дыялогу Касцёла з сучасным светам.


Выразнае рэха ідэй Мунье адсочваецца ў пастырскай і філасофскай дзейнасці святога Яна Паўла II. Яшчэ будучы прафесарам у Любліне, будучы Папа глыбока вывучаў працы французскіх персаналістаў, і менавіта канцэпцыя чалавека як істоты, якая рэалізуе сябе праз шчыры дар сябе іншым, стала цэнтральнай тэмай яго пантыфікату. У сваіх энцыкліках Ян Павел II пастаянна напамінаў свету, што чалавек з’яўляецца «першым і асноўным шляхам Касцёла». Яго крытыка як неабмежаванага капіталізму, так і таталітарнага камунізму цалкам супадала з пазіцыяй, якую ў сваё час абараняла пакаленне Мунье.


Чаму персаналізм актуальны сёння?

Аналіз сучаснай сацыякультурнай сітуацыі паказвае, што выклікі, з якімі сутыкаецца чалавек ХХI стагоддзя, шмат у чым пераклікаюцца з праблемамі эпохі Мунье, хоць і набылі новую форму. Сёння чалавек часта трапляе ў пастку глабальнай лічбавай індустрыі спажывання, якая стымулюе развіццё новага, больш тонкага індывідуалізму. Віртуальныя камунікацыі ствараюць ілюзію супольнасці, але часта пакідаюць чалавека ў глыбокай унутранай адзіноце, пазбаўляючы яго сапраўдных стасункаў з людзьмі.


Заклік Эманюэля Мунье развіваць асобу праз дзеянне і адкрытасць да іншых людзей застаецца важным арыенцірам у сучасным хрысціянстве. Тэксты філосафа напамінаюць, што быць асобай — гэта не статус, дадзены ад нараджэння, а штодзённае заданне і выбар. Гэта адмова ад эгаістычнай пасіўнасці, мужнасць прымаць выклікі часу, здольнасць бачыць у кожным чалавеку непаўторны вобраз Божы і будаваць жыццё як супольную прастору любові, праўды і сапраўднай свабоды.


Крыніцы:

https://www.researchgate.net/publication/313898329_Emmanuel_Mounier's_idea_of_personalizm/fulltext/58aede4845851503be950926/Emmanuel-Mouniers-idea-of-personalizm.pdf

https://personnalisme.wordpress.com/

https://wiez.pl/2019/01/31/to-nie-utopia-personalizm-w-rzeczywistosci-wolnorynkowej/



Падзяліцца