З самага ранняга ўзросту ў нашай свядомасці фарміруюцца розныя ўяўленні пра Бога. Пазней мы замацоўваем іх праз асабістую малітву, веды і ўплыў іншых людзей. Гэтыя вобразы становяцца часткай нашай асобы: кіруюць рашэннямі і вызначаюць нашу веру. Яны павінны сталець і развівацца. І хоць нам ніколі не спазнаць Бога да канца, важна рухацца наперад. Аднак на практыцы дзіцячыя ўяўленні ўкараняюцца ў нас настолькі глыбока, што адпусціць іх бывае зусім няпроста.
Гэты памылковы вобраз Бога важна своечасова пераасэнсаваць. Калі не зрабіць такую “рэвізію”, то ў моманты крызісаў з’яўляецца рызыка страціць веру. Насамрэч чалавек у такіх выпадках сыходзіць не ад Бога, а ад сваіх дзіцячых уяўленняў пра Яго, якія так і не паспелі стаць сталымі і глыбокімі.
Супярэчлівыя ўяўленні пра Бога могуць вынікаць яшчэ і з нашай няздольнасці зразумець і выказаць сутнасць Яго існавання. Калі мы паспрабуем апісаць Бога, то выявім, што Ён адначасова і самы блізкі да нас, і ў той жа час самы далёкі. Можа быць цяжка ўзгадніць гэтыя супярэчнасці, і таму мы схільныя ўспрымаць толькі адзін бок Бога, прадстаўляючы яго ў якасці цэласнага вобраза.
Найбольш распаўсюджаны фальшывы вобраза — гэта Бог як бязлітасны суддзя, які толькі карае за грахі і не ведае міласэрнасці. Такое ўяўленне часта бярэцца з павярхоўнага разумення рэлігійных запаведзяў. Нават калі мы верым у “добрага” Бога, гэты вобраз “карацеля” можа хавацца ў падсвядомасці, выклікаючы трывогу, дэпрэсію і празмернае пачуццё віны.
Яшчэ адзін варыянт — Бог-тыран, чые паводзіны нельга прадказаць. Ён то мілуе, то карае без бачных прычын, пакідаючы чалавека ў поўнай бездапаможнасці. Часта такі вобраз ідзе з сям’і, дзе бацькі былі эмацыянальна няўстойлівымі: сёння любяць, заўтра адштурхваюць. Гэты досвед пераносіцца на Бога, праз што становіцца немагчымым даверыцца Яму. У выніку чалавек прыходзіць да прынцыпу: “спадзявайся толькі на сябе”, бо не верыць у Божую падтрымку.
Каб супакоіць “суддзю” ў сваёй галаве, людзі часта пачынаюць караць сябе самі. Яны вераць, што праз празмерныя ахвяры, самапрыніжэнне і адмову ад радасцяў жыцця змогуць пазбегнуць Божага гневу.
Гэта ператвараецца ў негатыўны аскетызм: чалавек накіроўвае агрэсію на самога сябе, лічачы, што ён няварты любові. Такі “мазахізм” пад выглядам пабожнасці насамрэч разбурае псіхіку і прыводзіць да поўнага адчаю.
Наступны скажоны вобраз — гэта Бог-бухгалтар. Ён пазбаўлены эмоцый і сэрца, а яго адзіная задача — педантычна фіксаваць кожную памылку чалавека, каб потым выставіць рахунак.
Такі вобраз часта фарміруецца ў сем’ях, дзе адзін з бацькоў пастаянна скардзіцца на дзіця, а другі — карае. Гэты дзіцячы страх і пачуццё віны пазней ператвараюцца ў вобраз Бога-наглядчыка. Каб выратавацца ад гэтага пастаяннага сораму, чалавек уцякае ў хворы перфекцыянізм, спрабуючы быць ідэальным, каб “кантралёр” не знайшоў, за што зачапіцца.
Чарговы фальшывы вобраз — гэта Бог поспеху і дасягненняў. Ён ставіць непасільныя патрабаванні і прызнае толькі вынік. Тут дзейнічае рыначны прынцып: “дай мне нешта, і тады я прыму цябе”. Каштоўнасць чалавека ў такой сістэме вызначаецца толькі яго працай і перамогамі.
Гэтая мадэль часта ідзе з сям’і, дзе бацькоўская любоў была “ўзнагародай”, якую трэба было заслужыць. Дзіця прывучалі да вечнай удзячнасці за кожную праяву пяшчоты. Кошт такога тыпу паводзін вельмі высокі: страх, сумневы, перфекцыянізм і розныя формы прымусу. Пераносячы гэты вобраз на Бога, чалавек пачынае верыць, што і Яго любоў трэба заслужыць уласнымі намаганнямі і поспехамі.
Такое стаўленне можа прыводзіць да духоўнага актывізму, які часта блытаюць з любоўю да бліжняга. Нездаровы духоўны актывізм звычайна з’яўляецца вынікам страху перад адзінотай і ўласнай пустэчай. Тады дзейнічае прынцып: “Любі бліжняга свайго больш, але не самога сябе”. Гэты прынцып відавочна супярэчыць евангельскаму прынцыпу: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”.
Яшчэ адно скажэнне — гэта патрабаванне, каб Бог заўсёды быў побач, даваў пра сябе ведаць. Як старажытныя ізраільцяне стварылі залатога цяльца, бо стаміліся чакаць Майсея, так і мы сёння часта не выносім “маўчання” Бога, калі не бачым пастаянных знакаў Яго прысутнасці, то пачынаем баяцца або сумнявацца.
Крайняя версія гэтага падыходу — перакананне, што Бог не пакідае чалавеку ніякай свабоды. У такіх адносінах чалавек становіцца пасіўным: не прымае рашэнняў (напрыклад, адносна паклікання ці працы), а бясконца чакае “прамога ўказання” зверху. Гэта спроба перакласці адказнасць за сваё жыццё на Бога.
Яшчэ адзін памылковы вобраз — гэта Бог “усёдазволенасці”. Ён нібыта настолькі добры, што дазваляе чалавеку рабіць што заўгодна, бо “ўсё роўна ўсе будуць у раі”. Гэта падобна да бацькоў, якія дазваляюць дзіцяці есці шкодную ежу толькі таму, што “любяць” яго і не хочуць ні ў чым абмяжоўваць. Насамрэч такая пазіцыя шкодзіць чалавеку.
У цяперашні час мы назіраем узмацненне аднаго з самых першабытных фальшывых вобразаў — Бог як інструмент улады. Гэта спроба “прысвоіць” Бога, каб выкарыстоўваць Яго імя для палітычных або ваенных мэт. Як калісьці ізраільцяне неразумна прынеслі Каўчэг на поле бітвы, так і сёння людзі спрабуюць зрабіць Бога “прыхільнікам” сваёй нацыі ці партыі.
Гэта найгоршая форма ідалапаклонства. Паколькі праўдзівы Бог не выкарыстоўвае гвалт і маніпуляцыі, людзі пачынаюць злоўжываць гэтай Яго “слабасцю”. У выніку пад прыкрыццём рэлігійных лозунгаў гінуць нявінныя людзі, а само імя Бога служыць апраўданнем для чужых амбіцый.
Звычайнай з’явай стала тое, што ўсё больш людзей сярэдняга ўзросту перажываюць з-за таго, што іх дзеці, часта дарослыя, адмаўляюцца ад рэлігійных практык. Аднак прычына значна глыбейшая за памылкі выхавання. Мы назіраем паступовы распад тых самых фальшывых вобразаў Бога, якія прапаведаваліся стагоддзямі.
Калі Евангелле ператвараецца ў збор крымінальных законаў і цяжкую ношу, людзі рана ці позна сыдуць. Гэта не проста адмова ад веры, а хутчэй пратэст супраць вобраза Бога-карацеля і рэлігіі як сістэмы пакаранняў.
Катэхізіс Царквы ў адным месцы гаворыць пра неабходнасць ачысціць нашыя сэрцы ад гэтых фальшывых уяўленняў. Гэта задача не толькі для асобнага верніка, але і для ўсёй Царквы: варта перагледзець тэалагічныя мадэлі, лозунгі, песні і малітвы, якія мы паўтараем стагоддзямі.
Асабліва кожны святар, катэхет ці рэлігійны журналіст мае патрэбу ў такім ачышчэнні. Часта з амбонаў, сайтаў ці са старонак часопісаў прапаведуецца не Жывы Бог, а ўласнае “суперэга” прапаведніка або яго дзіцячыя траўмы. Без глыбокай рэфлексіі і нават псіхатэрапіі заўважыць і выправіць гэта практычна немагчыма.
Катэхізіс толькі намякае, што для ачышчэння веры нам трэба ўлічваць, апрача ўсяго, яшчэ і дасягненні сучаснай навукі. Калі Царква не зробіць гэта пастаяннай практыкай (асабліва ў фармацыі), вернікі будуць і далей адыходзіць з Касцёла. У эпоху, калі людзі становяцца ўсё больш свядомымі і адукаванымі, нам няварта здзіўляцца, што гэта можа быць адной з галоўных прычын адмовы ад рэлігійных практык.
Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
https://m.katolik.pl/polemika-z-obrazami-boga,1028,416,cz.html
https://www.youtube.com/watch?v=jVm5ST1_wNI