Не трымай Бога запасным гульцом!
Сёння ў штодзённіку Меладзі Біці “Дзень за днём з сузалежнасці” я прачытала: “Кінуць мяч... Адпускаць падзеі — гэта як кідок у бейсболе. Праблема ў тым, што я проста не хачу адпускаць мяч і... затрымліваю гульню”.
Мая сям’я — гэта каманда. Усе разам мы “гуляем у мяч” (мяч у дадзеным кантэксце — вобраз рашэнняў, якія мы прымаем, дзеянняў, якія робім, выбараў, якія здзяйсняем і г.д.). Кожны член сям’і: муж, я, нашы сыны — атрымліваюць гэты мяч і вырашаюць, што з ім рабіць. Можна правесці яго па пляцоўцы, аддаць партнёру, зрабіць кідок, можна гуляць у камандзе і дасягнуць выніку, пастаўленай мэты, перамагчы ці, прынамсі, атрымаць задавальненне ад гульні, ад партнёрскіх адносін. А можна... трымаць мяч у руках і нічога з ім не рабіць. Проста трымаць, думаючы, што я найважнейшая персона на пляцоўцы, ад мяне і толькі ад мяне залежыць зыход гульні.
Разважанні Меладзі Біці дапамаглі мне вельмі ярка ўявіць карціну маёй “гульні ў мяч”. У сваёй сям’і я часцей за ўсё выкарыстоўваю два варыянты паводзін.
Першы варыянт — я трымаю мяч у руках і не збіраюся яго нікому перадаваць, таму што толькі я ведаю, як правільна паступіць з мячом, якое дзеянне абраць, як дамагчыся выніку ў гульні. Стаю я на пляцоўцы з гэтым мячом і чамусьці лічу, што гульня ідзе. Мой муж, мае дзеці бяздзейнічаюць, сумуюць, кладуцца на траўку. Ім не цікавая такая гульня, і яны ўжо ні за што ў ёй не адказваюць.
Другі варыянт маіх паводзін — даю мяч мужу ці сыну, але тут жа пачынаю камандаваць, куды бегчы, як трымаць, калі кідаць. Злуюся, крычу, адбіраю мяч, і зноў я — галоўная, я — у цэнтры, я — бог.
Ну і які вынік такой “гульні”?! Пройгрыш па ўсіх франтах! Каманды няма, мэта не дасягнута, задавальнення нуль, а вось злосці, крыўды і ўзаемных прэтэнзій больш чым дастаткова.
Гульня прайграна, але на маёй шыі вісіць медаль за зацятасць у дасягненні сваіх мэт, за кантроль і свавольства!
Пра кантроль і свавольства сузалежнага чалавека пойдзе сёння размова.
У сям’і, як на гульнявым полі, у кожнага свая вельмі важная роля. Кожны член сям’і на працягу дня павінен шмат разоў браць у рукі “мяч” і здзяйсняць важныя дзеянні. І муж, і я, і сыны павінны быць адказныя за свой уклад у агульную справу. Толькі так можна дабіцца добрага выніку: пабудаваць моцныя даверныя адносіны адзін з адным, якасна і своечасова вырашыць сямейныя праблемы, стварыць платформу для развіцця кожнага члена сям’і і г.д. Браць на сябе адказнасць — гэта сур’ёзны валявы акт, гэта адыход ад інфантыльнасці (колькі б гадоў ні было чалавеку, ёсць рэчы, за якія ён ужо здольны адказваць). З самага ранняга дзяцінства дзіця вучыцца быць дастойным іграком у камандзе (у сваёй сям’і). Менавіта ў сям’і фарміруецца характар і ролевыя функцыі чалавека: мужчыны-жанчыны, мужа-жонкі, бацькі-маці. Добра згуляць сваю сямейную гульню жыццёва важна! Спадзяюся, вы гэта разумееце...
На жаль, у мяне шмат гадоў гэта не атрымлівалася.
Як я ўжо сказала, я не адпускала “мяч”. Я кантралявала! Кантралявала, таму што баялася. Страх, што падзеі будуць развівацца не па маім сцэнарыі, прымушаў мяне “трымаць мяч” і “адбіраць” яго, калі раптам нехта з членаў сям’і спрабаваў ім завалодаць, праявіць ініцыятыву.
Я ніколі і нікому не давярала. Я “прыляплялася” да людзей толькі для таго, каб не адчуваць сябе пакінутай. Людзьмі я запаўняла пустэчу ўнутры сябе. Я адчайна мела патрэбу ў людзях, але ніколі ім не давярала і ніколі нікога не любіла. Мая падсвядомасць была запоўнена трывогай, напружаннем, болем. Менавіта страх і недавер прымушалі мяне ўвесь час кантраляваць усіх і ўсё. Кантроль як дэфект характару цесна звязаны са свавольствам, а разам яны ўтвараюць грахоўную “грымучую сумесь”, якая падсілкоўвае сузалежны стан чалавека.
У дзяцінстве, у атмасферы гвалту, непрынятасці і страху, я навучылася спадзявацца толькі на сябе. Я вельмі старалася “выправіць” дысфункцыю сваёй сям’і і была ўпэўненая, што ўсё, чаго я хачу, да чаго імкнуся, — гэта добра і правільна. Такая ўпэўненасць дапамагала мне выжываць. Я хачу добрага, значыць я ў парадку (каштоўная, важная, каханая). Любыя, нават самыя шалёныя спосабы наладзіць адносіны ў бацькоўскай сям’і здаваліся мне цалкам апраўданымі — бо я хачу “дабра” ўсім! Так развілося маё свавольства, якое я памылкова лічыла любоўю да людзей.
У дысфункцыянальнай алкагольнай сям’і ў мяне не было магчымасці здабыць ідэнтычнасць, здаровае пачуццё ўласнай годнасці. Таму я вымушана была “правільнымі” ўчынкамі падсілкоўваць сваю нізкую самаацэнку. Перфекцыянізмам, дагаджаннем, гіперадказнасцю я даказвала ўсяму свету, а галоўнае, самой сабе, што я вартая жыць, я маю права на прыняцце. З гадамі ў мяне сфармавалася дакладнае перакананне — я ўсё і заўсёды раблю добра. А калі нешта не атрымліваецца, то гэта таму, што нехта мне перашкаджае, ён вінаваты. Нядзіўна, што, валодаючы такімі якасцямі, я паўтарыла сцэнарый бацькоўскіх адносін і выйшла замуж за алкаголіка. Будучы жанчынай свавольнай і кантралюючай я прыцягнула да сябе інфантыльнага партнёра, які п’е. Мяне не прыцягвалі самадастатковыя, моцныя мужчыны, здольныя гуляць на полі сямейнага жыцця ролю галоўнага ў сям'і. Я моцна “трымала мяч” у сваіх руках. Я была ўпэўнена, што раблю правільна!
Кантроль і свавольства — два бакі аднаго медаля, які доўга вісеў на маёй шыі, як дэманстрацыя перамогі на полі маёй гульні.
У 30 гадоў я даведалася пра Езуса Хрыста і пачала чытаць Біблію. Я ўчытвалася ў Словы Госпада і ўважліва назірала, што рабіў Бог, што Ён прапаноўваў рабіць мне. Мае вочы пачалі адкрывацца, прадузятасці рассейваліся, погляды змяняліся, стэрэатыпы паводзін патроху ламаліся. Сэрца адгукнулася на заклік Бога ісці па Ягоным шляху.
Я ўпершыню па-сапраўднаму зразумела, а потым і прыняла, што мая воля, мае жаданні, мае ўяўленні — гэта ўсяго толькі памкненні слабой, грахоўнай чалавечай натуры, і яны нішто ў параўнанні з Воляй Усемагутнага Святога Любячага Бога.
Я зразумела, прыняла і пачала дзейнічаць!
Я запрасіла на “поле гульні” Госпада і папрасіла Яго стаць галоўным гульцом у маім жыцці і ў жыцці маёй сям’і. Я пачала вучыцца перадаваць “мяч” у рукі Бога, назіраць за Яго гульнёй. Са здзіўленнем, а часам з абурэннем я заўважала, як Гасподзь забірае “мяч” з маіх рук і аддае яго маім блізкім, якім я ўсё яшчэ не давярала.
Кантроль і свавольства — гэта тое, на чым сфармавалася і трымаецца мая сузалежнасць. Я дзесяцігоддзі паталагічна мела патрэбу ў нездаровай прыхільнасці да чалавека (мама, бацька, сяброўкі, мужчыны, муж, дзеці.., нават святары станавіліся аб’ектамі маёй сузалежнасці). Мне патрэбны былі людзі, каб кантраляваць і атрымліваць сваё.
Аказваецца, каб сузалежнасць страціла сваю сілу, трэба аддаць “мяч” Богу, дазволіць Яму быць галоўным, “не трымаць Бога запасным гульцом”.
У маёй сям’і зараз няма людзей, якія ўжываюць алкаголь, наркотыкі ці гуляюць у азартныя гульні. Гэта вялікае благаслаўленне ад Госпада! Гэта шчасце! Але гэтае шчасце не зрабіла мяне меней сузалежнай... Кантроль і свавольства (праявы сузалежнасці) павольна сыходзяць з майго жыцця, таму што я свядома адмаўляюся ад іх, а не таму, што мае блізкія цвярозыя і чыстыя.
Гэта вельмі важна зразумець сузалежным мужчынам і жанчынам.
1-ы Крок 12-ці Крокавай праграмы “Ананімных Алкаголікаў” абвяшчае:
“Мы прызналі сваё бяссілле перад алкаголем, прызналі, што страцілі кантроль над сабой”.
Сузалежныя, працуючы па праграме “12 Крокаў” ведаюць і разумеюць, што робячы першы Крок, мы прызнаем сваё бяссілле не толькі і не столькі перад залежнасцю блізкага, а, што нашмат важней, перад уласным кантролем і свавольствам, якія робяць нашы жыцці некіруемымі.
Чаму мне важна прызнаць бяссілле перад уласнымі недахопамі? Таму што, прызнаючы сваё бяссілле, я пакорліва кажу Богу: “Я не справілася, я дрэнны кіраўнік, я зайшла ў тупік, «мая гульня» прайграна!”
Я перакладаю фокус з сябе на Бога. Ён становіцца Галоўным Гульцом на полі майго жыцця. Ён — у цэнтры!
Я аддаю кіраванне сваім жыццём у Яго рукі. Але я не перастаю быць выканаўцам зараз ужо Яго волі. Я гуляю, дзейнічаю, выконваю ўказанні любячага Айца.
На працягу дня я практыкую свядомы кантакт з Богам і вучуся чуць Яго голас. Калі ў сітуацыях узаемадзеяння з людзьмі ў мяне з’яўляецца жаданне кантраляваць і паступаць па-свойму, я раблю паўзу і звяртаюся да Бога ў пакорлівым бяссіллі: “Госпадзе, я нічога не магу без Цябе. Дапамажы мне зразумець, што я раблю няправільна, накіруй мяне, падкажы правільны шлях!”
Адказы бываюць розныя.
Часам Ён кажа: “Адпусці, аддай блізкаму яго адказнасць, перастань рабіць за яго тое, што ён можа зрабіць сам. Не бойся! Адпусці! Гэта і ёсць любоў — дазволіць чалавеку праходзіць свой шлях!”
Часам я чую: “Ты ведаеш адказ! Ты ведаеш, як зрабіць правільна. Ты ведаеш, як рабіў Езус, чаму Ён вучыў. Ты ведаеш! Рабі, не бойся!”
Часам адказу няма. І патрэбны час і намаганні, каб убачыць выйсце, знайсці Божае рашэнне (малітва, зносіны з людзьмі, духоўны рух у спазнанні ісціны, пастаянная праца над сабой і г.д.). Пошук адказу, які не ляжыць на паверхні, заўсёды вядзе мяне да духоўнага росту, самаўдасканалення, пошуку Божых духоўных прынцыпаў любові, пазнання і прыняцця Божай волі. “Прынялі рашэнне даручыць нашу волю і наша жыццё Богу…” (3-ці Крок 12-ці Крокавай праграмы АА).
Вядома, адказы Бога — гэта не цудоўны голас з неба. Гэта ўнутраны голас майго сэрца, якое адкрыта і напоўнена Божым Духам.
Маё жыццё пад кантролем. Але гэта не цуд, а вынік змены майго мыслення, змены маіх дзеянняў.
Не стамляюся паўтараць. Я люблю Бога! Я хачу быць з Ім у адносінах!
Я хачу пазнаваць Госпада ўсё больш і больш праз Яго Слова, праз жывыя зносіны з Духам Святым!
Штодзённік Меладзі Біці “Дзень за днём з сузалежнасці” — з’яўляецца настольнай кнігай многіх сузалежных. Гэта штодзённыя пасланні, якія падтрымліваюць людзей у імкненні да здароўя.
Праграма “12 Крокаў” — гэта міжнародная праграма ўзаемадапамогі для лячэння залежнасцей (алкагалізм, наркаманія, гульняманія, сузалежнасць і інш.), заснаваная на духоўных прынцыпах самапазнання, прызнання бяссілля, пошуку Вышэйшай Сілы, аналізу памылак і дапамогі іншым, дзе ключавую ролю іграе падтрымка групы аднадумцаў для змены ладу жыцця.