Пан ёсць Духам,
а дзе Дух Пана, там свабода.
(2 Кар 3, 7)
Дарагія чытачы!
Мне вельмі хочацца падзяліцца з вамі верай, надзеяй і любоўю!
Мінула 23 гады з моманту, калі я нарадзілася ў Хрысце. І зараз, пабудаваўшы свой дом на Яго падмурку, я цвёрда магу сказаць: “Я ВЕРУ, што з Госпадам мне ўсё садзейнічае на дабро”.
Я хачу дзяліцца з вамі НАДЗЕЯЙ на аздараўленне ад залежнасці і сузалежнасці.
Я люблю Госпада, я напоўнена Ягонай ЛЮБО’Ю і гатова аддаваць гэтую любоў тым, хто мае ў ёй патрэбу.
Кожную раніцу я пачынаю свой новы дзень з Божага Слова. Я чытаю Біблію, слухаю Госпада і кажу Яму: “Няхай споўніцца Твая воля на мой сённяшні дзень. Я нічога не магу без Цябе. Кіруй маімі думкамі, пачуццямі, учынкамі”.
Слухаць Бога і выконваць ЯГО волю — гэта і ёсць мая свабода!
Я хачу расказаць пра свабоду ў Хрысце, якая ўвайшла ў маё жыццё і зрабіла яго свядомым. Я хачу расказаць пра здабытую мною свабоду, якую я маю зараз.
Ці значыць гэта, што раней я была несвабодная?.. Так, я была несвабодная!
Я вельмі доўга жыла ў цісках КАНТРОЛЮ, які і быў маёй несвабодай, маёй залежнасцю. Я, як мне падавалася, кантралявала ўсіх і ўсё. Але мне так толькі здавалася... Насамрэч людзі і абставіны кантралявалі маё жыццё, рабілі мяне несвабоднай. Як гэта адбывалася?
Я сузалежная жанчына. Я нарадзілася ў дысфункцыянальнай алкагольнай сям'і і ўвабрала ў сябе прынцыпы і ўстаноўкі, якія транслявала маё асяроддзе, блізкія мне людзі. Страх, сорам і віна — асноўныя мае пачуцці з ранняга дзяцінства і да сённяшніх дзён.
Я баялася, калі бацькі крычалі і абражалі адзін аднаго. Я баялася, калі бацька паднімаў руку на маму, бабулю, братоў. Я баялася, што мама памрэ і разам з ёю памру я. Свет здаваўся мне небяспечным, халодным, безаблічным, пустым. Я баялася быць пакінутай, адкінутай, нялюбай, і як следства, у мяне развілося ўсёпаглынальнае пачуццё пакінутасці.
Жыццё ў бацькоўскім доме было шалёным і некіруемым. Ужо ў самым раннім дзяцінстве я гэта зразумела і адчувала сябе датычнай да стварэння хаосу і блытаніны, пачувалася вінаватай. Самы галоўны чалавек у сям'і, мой бацька, увесь час вінаваціў нас, дзяцей, у тым, што мы “сядзім на яго шыі”, мы яго “ў труну загонім”, ён на нас працуе.
Я саромелася таго, што адбывалася ў маёй сям'і, саромелася самой сябе. Жахлівыя абразы, якія я кожны дзень чула ад бацькі, пазбавілі мяне адчування самакаштоўнасці, пачуцця ўласнай годнасці і пагрузілі ў змрок страху, сораму і віны.
Як жа я, зусім яшчэ дзіця, магла выжыць у такіх абставінах, як магла ўсё выправіць, змяніць?
Я неўсвядомлена знайшла выйсце — пачала кантраляваць сваіх бацькоў, увесь час трымаць у полі зроку тое, што адбывалася ў сям'і. Я была перакананая, што ад мяне шмат што залежыць, я магу ўплываць на іншых людзей, на іх паводзіны. Я адчула сваю патрэбу, каштоўнасць. Кантроль даваў уяўнае адчуванне, што я важны кампанент сямейнай сістэмы, без мяне ўсе прападуць.
Так я здабыла ілюзію ўласнай значнасці, чалавечай самадастатковасці. Так я страціла сваю свабоду! Страціла на доўгія гады. А разам са свабодай страціла саму сябе.
У дзяцінстве і юнацтве я вельмі рэдка пакідала сваю хату. Але калі ўсё ж апыналася па-за роднымі сценамі (у піянерскім лагеры, у бабулі ў вёсцы, у сваякоў у іншым горадзе), то ўжо праз некалькі гадзін мяне ахопліваў панічны страх. Трывога была настолькі моцнай, што я не магла есці і ўвесь час плакала. Усё, чаго я хацела, гэта хутчэй вярнуцца дадому, каб быць побач з бацькамі і ўсё трымаць пад кантролем. З самага ранняга дзяцінства я была залежная ад кантролю. Немагчымасць кантраляваць выклікала ўва мне “ломку”, як у хімічна залежнага хворага чалавека. Мне трэба было кантраляваць, быць побач з тымі, у кім я мела патрэбу. І калі я гэтага рабіць не магла, мне было вельмі дрэнна. Кантроль стаў маім “рэчывам”, а я залежнай ад кантролю над людзьмі, гэта значыць сузалежнай.
Я навучылася жыць жыццём іншых людзей: заўсёды ведала, што для іх добра, што дрэнна, як яны павінны дзейнічаць, якія выбары рабіць. Я ўсё ведала пра іх і нічога не ведала пра сябе. Маё пастаяннае імкненне кантраляваць не давала мне магчымасці пазнаць Бога, адкрыць Яму дзверы свайго сэрца. Я сама была богам для іншых, свавольным, эгаістычным, карыслівым і нездаволеным жыццём бажком. Усім навокал я раздавала парады, пра якія мяне не прасілі, умешвалася ў чужыя справы, вучыла, як правільна рабіць, і на сто адсоткаў была ўпэўненая ў сваёй праваце.
Кантроль — гэта адзін з галоўных сімптомаў праявы сузалежнасці. Я ператварылася ў глыбока залежнага чалавека.
У 20 гадоў я выйшла замуж і вызначыла для сябе ролю “кіраўніка сям'і”. Толькі я магу ўсё вырашаць, рабіць правільныя выбары і кантраляваць, кантраляваць і яшчэ раз кантраляваць. Муж атрымаў ролю “паддоследнага трусіка”, “казла адпушчэння”, “хлопчыка на пабягушках”. Я вырашала, як яму апранацца, калі ісці да цырульніка, якую працу абраць, з кім сябраваць, як сябе паводзіць у грамадстве... Я зневажала мужа і саму сябе, разбурала нашы адносіны, не развівалася, не расла духоўна. Пагрузіўшыся ў татальны кантроль над іншымі, я страціла кантроль над уласным жыццём — яно стала вар'яцкім і не паддавалася кіраванню.
Калі сузалежная жанчына жыве побач з залежным блізкім (алкаголікам, наркаманам, гульняманам і да т.п.), яе жаданне кіраваць, камандаваць праяўляецца вельмі моцна. Бо яна лічыць, што жадае дабра свайму мужу, сыну, якія п’юць, мае права вызначаць, што для іх добра, а што дрэнна. Яна не ўжывае алкаголь, значыць яна апрыёры мае рацыю.
Я рабіла менавіта так у дачыненні да мужа алкаголіка: зневажала яго, абражала, ставілася да яго то як да дзіцяці, то як да апошняга прапойцы; кантралявала кожны яго крок, не адпускала ні на хвіліну. Паводзіла сябе, як тая маленькая дзяўчынка з алкагольнай сям'і. Тады я яшчэ не ведала, што дарослыя адносіны дабравольныя ва ўсім — ад знаходжання побач да аказання дапамогі, а кіравацца я магу ці страхам, ці любоўю. Я кіравалася страхам і была рабой кантролю.
Мне трэба было навучыцца дзейнічаць зыходзячы з любові і здабыць свабоду!
Побач з мужам алкаголікам я ўсё больш і больш разбуралася і падала на “дно”. Чым мацней я старалася выправіць становішча, прымусіць блізкага кінуць піць, тым горш рабілася нам абаім. Запоі мужа пачашчаліся, праблемы збіраліся і ціснулі на мяне каменнай непад'ёмнай плітой.
Адносіны паміж залежным мужам і сузалежнай жонкай часта называюць “танцам смерці”. І гэта сапраўды так.
Кантралюючы жыццё блізкага, навязваючы яму сваё меркаванне, я пазбаўляю яго свабоды, свабоды, якую яму даў Бог. Я грашу, становячыся на бок ворага, я дапамагаю мужу хварэць.
Адносіны “сузалежны + залежны” — гэта заўсёды кантроль і гіперадказнасць з аднаго боку і інфантыльнасць з другога. Такая “пара”, дапаўняючы адзін аднаго, можа існаваць дастаткова доўга і танцаваць свой “танец смерці”, пакуль духоўная або фізічная смерць не прыйдзе да аднаго з партнёраў. Нашай смерці хоча д'ябал, гэта ён ашуквае, маніпулюе, шукае, каго забіць і загубіць.
Бог хоча, каб мы выбралі жыццё, былі вольныя ў Ім!
Калі я зразумела, што з’яўляюся сузалежнай і кантроль над залежным разбурае мяне, я пачала дзейнічаць.
“Зразумець, прыняць і дзейнічаць!” — гэта адзін з галоўных дэвізаў майго жыцця.
Я шмат гадоў жыву з Богам, прашу Яго мудрасці, шукаю Яго волі. Гэта для мяне не абстрактныя паняцці, а канкрэтныя намеры, намаганні, дзеянні. Гасподзь дае разуменне, дзе я памыляюся, грашу. Я прымаю Яго пасланне, назіраю за сабой, імкнуся ўбачыць, як грэх праяўляецца ў маім жыцці, як ён уплывае на мяне і тых, хто навокал. І, калі я гатовая пазбаўляцца гэтага канкрэтнага граху, калі з Божай дапамогай мае промахі становяцца відавочнымі і ненавіснымі мне, я з верай звяртаюся да Усявышняга. Я прашу даць мне сілу супрацьстаяць граху, гэта значыць рабіць па-іншаму, па-новаму, не са страху, а з любові. Ён дае мне Сілу! Гэта і ёсць для мяне Свабода! Свабода ў Хрысце! Я выбіраю, як дзейнічаць, я не рабыня граху! Я Вольная!
Так было і з маім паталагічным кантролем, які пазбавіў мяне радасці жыцця. Знаходзячыся побач з алкаголікамі (бацькам, мужам), я ўвесь час адчувала боль. Спазнаючы Езуса Хрыста, я адчула Яго любоў і зразумела, што зусім не абавязкова ўвесь час пакутаваць, кантралюючы і ратуючы блізкага чалавека. Ёсць іншае жыццё! Гасподзь прапанаваў мне свой шлях, і я іду па гэтым шляху ўжо больш за дваццаць гадоў.
Што я РАБЛЮ, каб пазбаўляцца ад кантролю ў канкрэтным моманце?
— На працягу дня ў любой сітуацыі, якая мяне трыгерыць, выклікае страх і правакуе на ўключэнне кантролю, я ўжываю прынцып усвядомленасці. Я стараюся зафіксаваць сваю ўвагу на “тут і зараз”, на цяперашнім моманце, застацца ў прысутнасці Бога.
Разбяром, як гэта працуе, на прыкладзе: муж спазняецца і не адказвае на тэлефонныя званкі.
Мне трэба застацца ў цяперашнім моманце, бо Бог менавіта зараз са мной. Усе мае думкі пра мінулае: “Колькі разоў такое было, зноў напіўся …” і пра будучыню: “Што цяпер будзе? Зноў прап'е грошы, здарыцца непапраўнае …” я адсочваю і не залучаюся з імі, як з першапачаткова не прадуктыўнымі, якія прыводзяць да страху, сораму і віны.
Звяртаюся да Бога па дапамогу, прашу Яго падказаць, што мне рабіць, каб быць карыснай блізкім і сабе? Я дзейнічаю з любові, і гэта правільна. Я выбіраю, я вольная кіравацца Божымі духоўнымі прынцыпамі.
— Калі ва ўзніклай сітуацыі я не адсачыла негатыўныя думкі пра мінулае і будучыню, дала ім магчымасць развівацца, пачала мысленны кантроль, то абавязкова з'явяцца пачуцці страху, трывогі, напругі, злосці, крыўды, пакінутасці. У гэты момант я магу вызначыць гэтыя балючыя думкі і пачуцці і не пайсці далей, не ўцягнуцца ў разбуральны працэс свавольства, кантролю, выратавання (думкі і пачуцці — гэта яшчэ не дзеянні). Я магу спыніцца і не нанесці шкоду блізкім і сабе самой. Я раблю паўзу, вяртаюся ў “тут і цяпер”, прымаю сітуацыю і звяртаюся да Бога: “Гасподзь! Увайдзі ў гэтую сітуацыю. Пакажы, як мне правільна паступіць па Тваіх духоўных прынцыпах? Што мне зрабіць, каб цяпер быць карыснай мужу і не нашкодзіць сабе і дзецям?”
Такім чынам, я адмаўляюся быць галоўным персанажам у гэтай сцэне, не даю свайму кантролю панаваць і дзейнічаць. Цэнтрам усяго таго, што адбываецца, становіцца Бог! Ён галоўны! Гэта правільна, і я зноў вольная ў выбары! Я кіруюся любоўю!
— Калі ўсё ж я не ўступаю ў кантакт з Богам на гэтых двух этапах (думкі і пачуцці), то я губляю ўсвядомленасць і пачынаю рэагаваць. У кантэксце сузалежнасці “рэагаванне” — гэта несвядомае дзеянне, якое вызначаецца шаблонамі, патэрнамі паводзін, якія развіліся ў дысфункцыянальным асяроддзі, у сістэме сямейнага гвалту.
Я рэагую, пачынаю кантраляваць сітуацыю: тэлефаную мужу, шукаю яго, упадаю ў кампульсіўны стан, не магу займацца сваімі справамі, крычу на дзяцей і г.д. Я дзейнічаю ад страху. Я грашу. Я наношу шкоду блізкім і сабе самой.
Але нават, калі я рэагую, унутры мяне нешта кажа: “Зноў уключыўся твой кантроль!”
Я спыняюся, адасабляюся, калі гэта неабходна, раблю паўзу, вяртаюся ў “тут і цяпер”. Звяртаюся да Бога, уступаю з Ім ва ўсвядомлены кантакт і атрымліваю свабоду выбару!
Гэта і ёсць мая свабода ў Хрысце! Яна ў мяне ёсць заўсёды! І толькі ад мяне залежыць, скарыстаюся я гэтай свабодай ці не.
Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі (Гал 5:1).
Дзіна