Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Хрысціянская антрапалогія

Музыка: дар нябёсаў ці справа злога?

02.01.2026 праглядаў 7 хвілін чытання
Музыка: дар нябёсаў ці справа злога?

Пра ўплыў музыкі на чалавека

Можа падавацца, што музыка — не тая сфера, захапленне якой можа прывесці да пэўных духоўных праблем. Сёння веды пра тое, як яна працуе, выкарыстоўваюцца ў розных кірунках. Вядома, што музычная тэрапія сапраўды дасягае поспеху ў працэсе лячэння. Нават на пажылых людзей інтэнсіўныя заняткі музыкай аказваюць вельмі станоўчы эфект: запавольваецца развіццё дэменцыі. Музыка выкарыстоўваецца ў якасці эмацыянальнага ўзмацнення ў кінематаграфічнай індустрыі. Стваральнікі кінамузыкі дакладна ведаюць, як музычныя сродкі ўплываюць на слухача, і мэтазгодна выкарыстоўваюць іх падчас фільма. У розных гандлёвых цэнтрах гучаць пэўныя віды музыкі, каб прымусіць кліентаў даўжэй заставацца ў краме і заахвоціць рабіць пакупкі.

Такім чынам, музыка ўплывае на нас, часта нават калі мы гэтага не ўсведамляем. І, канешне, нельга не адзначыць, як моцна музыка можа ўздзейнічаць на нас падчас малітвы: мае здольнасць узвышаць чалавека, таму Касцёл ахвотна дапусціў у літургію музыку, якая стварае такія эфекты.


Чалавек складаецца з цела і душы. Яны цесна звязаныя паміж сабой, так што духоўныя перажыванні можна адчуць у целе. Напрыклад, калі мы баімся або нервуемся з нагоды будучай падзеі, можа пачасціцца пульс, або, напрыклад, хвароба цела можа адбіцца на псіхіцы. Герхард Харэр, псіхолаг і навуковец з Зальцбурга, які вывучаў нервовую сістэму, правёў даследаванне ўплыву музыкі на чалавека. Ён прыйшоў да высновы, што ўражанні, якія даходзяць да чалавека праз орган слыху, выклікаюць пэўную эмацыянальную рэакцыю. Сіла гэтага адказу вар'іруецца ў залежнасці ад зместу акустычнай інфармацыі, асабістых адносін і значэння для слухача. Было даказана, што праслухоўванне музыкі можа актывізаваць многія вобласці мозгу і змяніць частату сардэчных скарачэнняў, дыхання і скарачэнне сасудаў. Чым мацней чалавек звязаны з музыкай, якую ён слухае, тым мацнейшай будзе яго рэакцыя.


Чалавек мае патрэбу ў эмацыянальным баку і часта спрабуе задаволіць яе за кошт музыкі. Тая, у сваю чаргу, уздзейнічае на псіхіку і пачуцці. Яна можа даваць стымулы і матывацыю, выклікаць агрэсію, прытупіць адчуванні і прывесці да апатыі. Такім чынам, многія людзі падмацоўваюць свае пачуцці даволі павярхоўным спосабам, які пазбягае кантролю розуму. Таму вельмі важна “фільтраваць” тое, што мы слухаем.

Далей крыху паразважаем пра індывідуальны выбар.


Пра індывідуальны выбар

Нашы эстэтычныя густы фарміруюцца з самага ранняга ўзросту. Навукова даказана, што нават акустычныя ўражанні з прэнатальнага перыяду аказваюць уплыў. З’яўляецца вельмі важным і мае наступствы тое, што слухаюць дзеці, якія растуць. Звычайна гэта музыка, якую любяць і слухаюць бацькі, бліжэйшае атачэнне. Часта з-за недахопу музычнай культуры дома, можа стацца, што падлетак фарміруе свой густ самастойна і несвядома, аддае перавагу таму, што падабаецца. Але гэтая перавага можа быць занадта вузкай, ці нават няправільнай і шкоднай. Трывожным сігналам павінен стаць выбар відавочна дэструктыўных музычных работ. Поп-культура адыгрывае ў гэтым плане важную ролю, бо яна накіравана непасрэдна на пачуцці, якіх так моцна патрабуюць людзі, асабліва моладзь, каторая толькі пачынае шукаць арыенціры ў жыцці. Яна можа стаць інструментам, які адцягвае маладога чалавека ад Бога, ад сям'і, ад усяго добрага.


Рок-музыка часта мае пратэстны характар, што не заўсёды кепска (ёсць шмат рок-гуртоў і асобных выканаўцаў сапраўды вартых увагі), але такая музыка, у сваю чаргу, можа быць скіраваная і на бунт моладзі. Гэта зманліва і вельмі небяспечна, таму што, часам, рок-культура мае большы ўплыў на падлетка, чым яго бацькі. Тут няма гаворкі пра бунт, праз які павінен прайсці малады чалавек у пэўным узросце. Гэта больш пра пратэст, які можа прывесці да разбурэння парадку ў жыцці, замахнуцца на аўтарытэт сям'і.


Многія сучасныя музыкі прапагандуюць у сваёй творчасці акультызм, сатанізм, нігілізм, залежнасці і сексуальныя дэвіяцыі — гэта, безумоўна, не можа не насцярожваць. Пагрозы ў музыцы дзейнічаюць на многіх узроўнях. Гэта не толькі мелодыя, якую мы чуем, але і змест паслання, мода, сімволіка і стыль жыцця, які прадстаўляюць музыкі. Кантакт з антыхрысціянскімі перакананнямі, нават несвядома, можа сапсаваць духоўнае і фізічнае жыццё не толькі падлетка, але і любога дарослага чалавека. Патрэбна толькі згода ці абыякавасць да зла, якое можа праяўляцца ў нашым штодзённым жыцці праз музыку.


Сведчанні

“Музыкі часта пераходзяць на бок зла па сваёй волі, хоць часам робяць гэта несвядома. Людзі, якія кантралююць музычны шоу-бізнес, часта з’яўляюцца прадстаўнікамі акультызму. Самі мастацкія псеўданімы павінны прымусіць нас задумацца”, — кажа ў сваім сведчанні Гжэгаж Касьянюк, журналіст, музычны публіцыст і веруючы католік, каторы выдаў ужо не адну кнігу, дзе апісвае дзейнасць злых сіл, якія назірае ў музычнай культуры.


“У выпадку з некаторымі папулярнымі спевакамі, зло бывае не відавочным, калі, напрыклад, маем справу з сапраўдным хітом, які грыміць на ўвесь свет. Але, як толькі ўваходзім у больш закрытую прастору, пачынаем перакладаць тэксты песень, глядзець кліпы, слухаць інтэрв'ю са спевакамі, то можам убачыць шмат небяспечных знакаў у вобразах акцёраў: акультныя сімвалы, пентаграмы, перавернутыя крыжы, усё, што звязана з сексуальнай залежнасцю, паказвае жанчыну як аб'ект і г. д. Гэта пагроза, якая выцякае з усіх элементаў: кліпа, сімволікі, самой творчасці артыста,” — адзначае музычны публіцыст.


Гаворачы пра тэхна-музыку, журналіст адзначае, што сустракаў шмат людзей, якія апынуліся ў яе духоўным рабстве, што таксама прывяло да разбурэння здароўя.

“У мяне ёсць сведчанні людзей, якія да гэтага часу не могуць аднавіць душэўную раўнавагу з-за таго, што ўжывалі моцныя наркотыкі, а гэта значыць, што яны не могуць вярнуцца да нармальнай працы, стварыць сям’ю і павінны знаходзіцца пад пастаянным медыцынскім наглядам,” — кажа журналіст.


Рэжысёр Лех Даковіц часта перасцерагае ад духоўнай небяспекі, схаванай у тэхна-музыцы. Як кінааператар і кінапрадзюсер ён стаў адным з удзельнікаў нямецкай сцэны гэтага музычнага жанру. Але пакінуў сваю дзейнасць, калі выявіў сувязі тэхна-эліты з акультнымі і сатанінскімі практыкамі і іх падсвядомае распаўсюджванне сярод удзельнікаў тэхна-тусоўкі. У адным са сваіх сведчанняў ён кажа: “У нейкі момант сімвалы сталі відавочнымі, я з вялікай яснасцю зразумеў, што адбываецца і з кім маю справу. Я зразумеў, што гэтыя людзі — сатаністы, якія вядуць моладзь усяго свету да пагібелі, што я — адзін з іх, і дарогі назад мне няма... Узрушаны, на мяжы духоўнай смерці, я ўсклікаў да Бога, просячы аб дапамозе. Адказ прыйшоў адразу. Бог умяшаўся з такой моцай, што за вельмі кароткі час я стаў глыбока веруючым католікам”. Зараз Лех Даковіц евангелізуе, ствараючы фільмы на духоўныя тэмы.


Як абараніць сябе ад небяспечнай музыкі?

Самая эфектыўная абарона ад небяспекі, якая існуе ў свеце музыкі — заставацца ў стане асвячальнай ласкі: частая споведзь і прыняцце Эўхарыстыі.

Наступным крокам будзе адмежаванне сябе ад дэструктыўнай музыкі. Першае, што важна зрабіць — пацікавіцца жыццём пэўнага музыканта, менавіта ў маральна-духоўным плане. Вядома, што творчасць — гэта выяўленне не толькі пачуццяў і поглядаў, але і духоўнага стану творцы. Можна ўспрымаць усё зыходзячы з крытычнай дыстанцыі, але гэта патрабуе пэўнай інтэлектуальнай, эмацыянальнай сталасці. Канкрэтна: калі творца мае праблемы з алкаголем, наркотыкамі, сексуальнасцю і этыкай увогуле, да яго трэба ставіцца асцярожна, а то і пазбягаць, нават калі ён дэманструе выдатны талент і яго творчасць выклікае эмоцыі. Справа не ў тым, што кожны творчы чалавек павінен быць святым або беззаганным, каб заслужыць аўтарытэт. Ідэя заключаецца ў тым, каб прыцягнуць увагу да наступстваў паслання, якое дадзены творца выпускае ў свет.


Другі аб'ектыўны крытэрый, не менш важны, — гэта погляды дадзенага творцы, яго перакананні ў жыццёвых пытаннях. Калі хтосьці мае ілжывы светапогляд, гэта непазбежна ўплывае не толькі на яго асобу, але і на творчасць, а значыць, і на тых, хто яго слухае. Справа не ў тым, што католікі павінны слухаць толькі творы католікаў. Відавочна, што ёсць шмат музыкантаў не звязаных з Касцёлам, чыя творчасць прыгожая, узвышаная, інтэлектуальная. Гаворка ідзе хутчэй пра негатыўны крытэрый: калі пэўны творца сваімі поглядамі змагаецца з рэлігіяй, царквой і маральнасцю, гэта, безумоўна, адлюстроўваецца і на яго музыцы, нават калі яна не закранае гэтую тэму непасрэдна.

На жаль, мы можам упадаць у крайнасці і звяртаць увагу на небяспеку толькі тады, калі яна будзе пацверджана вельмі красамоўнымі сведчаннямі: “Пераслухаў той гурт і скончыў жыццё самагубствам” ці “Захапляўся гэтым музыкантам, сталі заўважаць праявы апантанасці” і г.д. Нам трэба быць больш пільнымі, бо зло не заўсёды можа праяўляцца так відавочна, яно ўздзейнічае незаўважна, паступова. Не трэба чакаць да апошняга, звярніце ўвагу на тое, што грае ў вашых навушніках ужо зараз.



Сведчанні ўзятыя з артыкула: https://stacja7.pl/rozmowy/grzegorz-kasjaniuk-zlo-ma-wymiar-osobowy-a-popkultura-jest-masowa-przestrzenia-jego-dzialania/

Падзяліцца