Пол Трып, пратэстанцкі пастар, аўтар кніг па практычным хрысціянстве і выхаванні, бацька чацвярых дзяцей лічыць, што добрае выхаванне, якое сапраўды прыносіць плён, павінна грунтавацца на Евангеллі.
У гэтым пункце гледжання няма нічога дзіўнага — ён ужо амаль клішэ. Але калі ўвесь час памятаць пра Добрую Вестку ў пытанні выхавання дзяцей і прымяняць яе прынцыпы, то вынікі не прымусяць сябе чакаць. Тое ж самае можна сказаць і пра наступствы занядбання Евангеллем у гэтай вобласці: яны будуць больш адчувальнымі, чым можна меркаваць.
Добрае выхаванне не пачынаецца з багаслоўя ці пэўнай стратэгіі, а пачынаецца з прызнання. І бацькам трэба шчыра прызнацца ў тым, што яны не ў стане самастойна выхаваць дзіця. Людзі не ад прыроды цярплівыя, добрыя, шчодрыя і міласэрныя. Яны лёгка раздражняюцца, увесь час сканцэнтраваны на сабе. Унутры не хапае складнікаў, каб стаць Божым інструментам у фармаванні чалавечай душы. Тое, да чаго Бог заклікае ўсіх бацькоў немагчыма ажыццявіць самастойна. Пачаць трэба з прызнання: каб нармальна рэалізаваць сваё бацькоўскае пакліканне, патрэбна выратаванне ад сябе ж самога.
Не існуе збору правіл па выхаванні цудоўных дзяцей. Наіўна думаць, што калі прачытаеш пару разумных кніг на гэтую тэму, то ў выхаванні ўсё пойдзе гладка. Калі б вышэйзгаданага хапіла, то Езусу ніколі не трэба было б прыходзіць у гэты свет.
Пол Трып прыводзіць наступны прыклад:
«Калі вы муж і ў гэты момант сварыцеся са сваёй жонкай, то кажаце ёй рэчы, якія не павінны гаварыць. Вы робіце гэта не таму, што не ведаеце, што гэта дрэнна, але ў момант сваркі вам глыбока напляваць, што добра, а што дрэнна, вы хочаце нечага дабіцца і зробіце ўсё для таго, каб дасягнуць жаданага. Гэтак жа і вашыя дзеці, паміж вамі больш агульнага, чым вы думаеце.
Чаму вас абурае, што яны вядуць сябе гэтак жа? Таму што вы паверылі ў “Евангелле свайго ўласнага прышэсця” і ў той жа ступені, у якой адмаўляецеся прызнаць глыбіню сваёй праблемы, будзеце нецярпімыя да праблем сваіх дзяцей. Вы павінны прыняць той факт, што кожны дзень маеце патрэбу ў прабачэнні, сіле і мудрасці, таму што вы небяспечныя для саміх сябе, калі пра гэта забудзецеся, то не будзеце гатовы дапамагчы сваім дзецям так, каб праявілася ласка. Ніхто не праяўляе ласку лепш, чым чалавек, які ўпэўнены, што сам адчайна мае ў ёй патрэбу».
Вось чаму добрае богаўгоднае выхаванне заўсёды пачынаецца з пакорлівага прызнання: усё што трэба дзецям, патрэбна і бацькам, што ўсе цяжкасці дзяцей — гэта і цяжкасці бацькоў. Бог не абірае людзей на ролю бацькоў толькі таму, што яны на гэта здольныя. Майсей не быў здольны вывесці Ізраіль з Егіпта, Давід не быў здольны перамагчы Галіяфа, вучні не былі здольныя несці Евангелле па ўсім свеце. Бог выбраў людзей няздольных, убогіх, слабых і сапсаваных, бо Ён моцны і вельмі шчодры ў Сваёй міласці. Толькі калі чалавек гатовы прызнаць глыбіню сваёй патрэбы, тады зможа стаць інструментам Божай ласкі.
Па Сваёй міласці Гасподзь можа ствараць сітуацыі, якія адкрываюць патрэбы сэрца дзіцяці. Ён будзе выкарыстоўваць дробныя моманты паўсядзённага жыцця, каб паказаць бацькам і іх дзецям патрэбу ў выратавальнай і прабачальнай ласцы. Будзе рабіць гэта не толькі ў моманты, якія бацькі лічаць больш зручнымі ці калі пачуваюцца найболей падрыхтаванымі.
Пастар звяртаецца да вельмі зразумелага для кожнага з бацькоў прыкладу, каб праілюстраваць моманты, якія могуць падацца не зусім відавочнымі:
«Вечар аўторка. Дзеці, якіх вы паклалі спаць у 21:00, да гэтага часу не спяць, а прайшло ўжо больш за паўтары гадзіны, і прама зараз сварацца ў сваім пакоі. Вы ідзяце па калідоры цяжкай хадой, хутчэй за ўсё вы не думаеце: “Дзякуй, Божа, за гэтую цудоўную магчымасць увасобіць Тваю ласку ў жыцці маіх дзяцей”. А думаеце прыкладна наступнае: “Зараз я іх заб'ю!”
Вы ўрываецеся ў пакой і кажаце: “Вы ведаеце, які ў мяне быў цяжкі дзень? Вы хоць уяўляеце як шмат я працую дзеля вас і вось так вы мне дзякуеце? Я купіў кожную нітку таго адзення, якое вы носіце. Я купіў кожную крошку той ежы, што вы ясце сваімі балбатлівымі роцікамі і Каляды ў вас вясёлыя з-за мяне!”
І што па-вашаму на гэта могуць адказаць дзеці: “Вось гэта мудры чалавек, дзякуй яму вялікі?” Не, яны падумаюць, што вы звар'яцелі.
Мяркую, што злуяцеся вы ў той момант не таму, што вашыя дзеці парушылі Закон Божы, бо тады гэта быў бы праведны гнеў. Не, вы гневаецеся таму, што дзеці парушылі ваш закон і вашу запаведзь, якая гучыць як “не будзе ніякага выхавання пасля дзесяці вечара”.
Давайце прааналізуем, што адбываецца ў гэтай гісторыі. Дзеецца наступнае: Бог бярэ звычайны момант паўсядзённага сямейнага жыцця і выкарыстоўвае яго, каб здзейсніць нешта цудоўнае для вас і вашых дзяцей. Ён робіць бачным стан іх сэрцаў, каб выклікаць унутры вас неспакой, які можа прывесці да ўсведамлення і жадання змяніць іх. Але цяпер вас зусім не натхняе тое, што робіць Бог. Вы злуяцеся з-за таго, што дзеці сварацца ў момант, калі ўжо павінны спаць, а вы не можаце спакойна адпачыць і павінны разбірацца з гэтым. Вы злуяцеся на тое, што Бог выкрыў іх грэх, і з-за гэтага даводзіцца адкласці свае планы і займацца іх выхаваннем!
Але рэальнасць такая, што калі вашы вочы калі-небудзь убачаць ці вашыя вушы калі-небудзь пачуюць грэх, слабасць, бунтарствы ці няўдачы вашых дзяцей, гэта ніколі не павінна станавіцца абцяжарваннем, перашкодай або праблемай. Гэта заўсёды будзе з’яўляцца ласкай. Бог любіць вашых дзяцей і будзе зноў і зноў адкрываць вам іх патрэбы, каб вы маглі быць Яго інструментам усведамлення, пераканання, пакаяння і веры.
Калі вы заходзіце і кажаце: “У мяне быў складаны дзень. Вы ведаеце, што я дзеля вас раблю?” і г.д., то робіце гэтую праблему гарызантальнай, хоць яна на самой справе вертыкальная. Нешта глыбока сапсавана па вертыкалі паміж дзецьмі і Богам. Справа не ў вас, вашыя дзеці не сабраліся загадзя і не сказалі: “Давайце зробім гэта сёння ўвечары: прыкінемся, што спім, а ў 22:30 прыкінемся, што сварымся. Бацькі проста звар’яцеюць!”
Хутчэй за ўсё адбываецца зусім не гэта, а тое, што вы выхоўваеце самаабвешчаных цароў, якія жадаюць самі сабой кіраваць і жывуць для ўласнага задавальнення, у якіх пакуль няма здольнасці заставацца ў прызначаных Богам межах без дапамогі выратавальнай ласкі, ласкі, якая можа змяняць.
І калі вы даходзіце да іх пакоя, то ўжо не “за” сваіх дзяцей, а “супраць” іх, таму што яны перашкаджаюць вам рабіць тое, што вы сабе запланавалі. Тады замест мудрасці з вашага бацькоўскага сэрца зыходзіць гнеў. Вы злуецеся, вы на мяжы і дзеці становяцца вашымі супернікамі, а не людзьмі якіх вы любіце».
Праблема заключаецца ў тым, што бываюць моманты, калі кожны з бацькоў любіць сваё маленькае “царства”, якое складаецца з аднаго чалавека, больш, чым сваё дзіця. У такім “царстве” усё павінна ісці гладка і спакойна, без усялякага выхавання дзяцей у выхадныя дні ці пасля дзесяці гадзін вечара, ці падчас вячэры з сябрамі, ці... А калі бацькі злуюцца з-за перашкод, якія псуюць планы ў іх “царстве”, то, па меркаванні Пола Трыпа, звычайна робяць чатыры рэчы:
- Схільныя ператвараць дадзеныя Богам магчымасці да служэння, да праяўлення Яго славы ў моманты гневу.
- Адносяць на свой рахунак тое, што да іх не адносіцца (Дзеці вырашылі не спаць і сварыцца, не таму, што хацелі пазлаваць бацькоў).
- Паколькі бацькі ўспрымаюць на свой рахунак тое, што не мае да іх дачынення, іх рэакцыя носіць варожы характар. (Дзейнічаць не дзеля сваіх дзяцей, а супраць іх, таму што яны перашкаджаюць рабіць тое, што было запланавана).
- Задавольваюцца сітуатыўнымі рашэннямі, якія насамрэч не закранаюць сутнасць справы (крыкі, загады, выкліканне пачуцця віны, пагрозы пакараннем, дзеці зусім не мяняюцца пасля такіх дзеянняў).
Ёсць лепшы шлях. Ён пачынаецца з малітвы пра тое, каб Бог даў кожнаму з бацькоў новыя вочы; вочы, якія больш сканцэнтраваны на Ім, чым на імгненных планах. Гэты лепшы шлях таксама ўключае ў сябе пошук у Бога гнуткага сэрца; сэрца, гатовага адмовіцца ад сваіх планаў дзеля Божай задумы. Ён заключаецца ва ўпэўненасці, што Бог у кожным, з кожным і дзеля кожнага, і дасць усё неабходнае, каб бацькі мелі магчымасць з мужнасцю сустрэць той момант бацькоўства, да якога нельга падрыхтавацца загадзя.
Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
https://www.paultripp.com/articles/posts/parenting-its-never-an-interruption
https://www.desiringgod.org/articles/you-dont-need-more-parenting-advice
https://www.paultripp.com/articles/posts/parenting-the-joyful-impossibility
Матэрыял падрыхтавала Ірына Кухальская