Падаецца, што часам Вялікі пост перажываецца нават крыху лягчэй, чым сама Пасха. Магчыма, таму, што мы значна больш прызвычаіліся пакутаваць, чым радавацца. Усе мелі цяжкі, непрыемны досвед, магчыма, больш, чым самі таго хацелі б, таму радасць у нашым жыцці здаецца не такой відавочнай, заўважнай.
Адной з галоўных перашкод для выражэння сапраўднай радасці з’яўляецца пачуццё віны за тое, што радуемся ў той час, калі іншыя пакутуюць. Як можна глядзець на свет з бясконцымі навінамі пра вайну, смерць, тэрарызм і радавацца? Часам здаецца, што адчай з’яўляецца найбольш адэкватнай рэакцыяй на такія сітуацыі, усё астатнія пачуцці выглядаюць бестактоўна і недарэчна.
Калі Бенедыкт XVI быў яшчэ кардыналам Ёзэфам Ратцынгерам, то закрануў гэтую праблему ў кнізе «Соль зямлі: Царква ў канцы тысячагоддзя». Тое, што ён кажа пра радасць, змяняе правілы гульні. Папа тлумачыць, што нам цяжка выказваць радасць, таму што адчуваем сябе вінаватымі, калі гэта робім. У наступнай цытаце ён тлумачыць, чаму мы адчуваем віну і як можна думаць пра гэта па-іншаму.
«Я пастаянна заўважаю, што чыстая радасць стала больш рэдкай. Сёння яна ўсё мацней абцяжарваецца маральным і ідэалагічным цяжарам. Прыходзіцца стрымлівацца, каб цябе не выкрылі ў адсутнасці салідарнасці з тымі, хто пакутуе. “Мы не маем права радавацца, жывучы ў свеце, дзе так шмат пакут і несправядлівасці” — думаюць людзі. Я магу гэта зразумець. Тут дзейнічае маральнае стаўленне, але гэта стаўленне, тым не менш, няправільнае. Страта радасці не робіць свет лепшым — і, наадварот, адмова ад радасці дзеля пакут не дапамагае тым, хто пакутуе. Свету патрэбныя людзі, якія адкрываюць дабро, радуюцца яму і тым самым чэрпаюць імпульс і мужнасць яго множыць.
Такім чынам, радасць не парушае салідарнасці. Калі гэта правільны від радасці, яна не эгаістычная, тады хочацца перадаваць яе далей. У сувязі з гэтым мяне заўсёды ўражвае, што ў бедных раёнах, напрыклад, Паўднёвай Амерыкі, можна ўбачыць значна больш шчаслівых усмешлівых людзей, чым у нас, у краінах з больш высокім узроўнем дабрабыту. Відавочна, што, нягледзячы на ўсе свае пакуты, тыя людзі ўсё яшчэ маюць адэкватнае ўспрыманне дабра, за якое трымаюцца і ў якім могуць знайсці падтрымку і сілу.
У гэтым сэнсе ў нас узнікае новая патрэба ў тым першародным даверы, які ў рэшце рэшт можа даць толькі вера. Вера ў тое, што свет у аснове сваёй добры, што Бог існуе і Ён з’яўляецца дабром. Што жыццё вартае, каб яго жыць, а быць чалавекам — гэта не пракляцце. Усведамленне гэтага прыводзіць да мужнасці радавацца, якая, у сваю чаргу, ператвараецца ў абавязак зрабіць так, каб іншыя людзі таксама маглі радавацца, атрымліваючы падтрымку».
Жыццёвыя клопаты могуць ператварыць нашую веру ў суцэльны цяжар. Але, Папа Бенедыкт XVI сцвярджае, што менавіта вера ў Бога напаўняе жыццё радасцю. Праўда пра чалавека і Бога можа падавацца сумнай і цяжкай. Без сумневу, глыбокае суцяшэнне прыносіць адчуванне Божай любві і прабачэння, калі прызнаём свае памылкі і імкнёмся да перамен, але гэтая пастаянная барацьба можа мець свае наступствы. Ці веру могуць асіліць толькі мацнейшыя? Часта яна можа адчувацца як дадатковая ноша, якая лягла на нашую спіну на гэтым няпростым жыццёвым шляху. Як жа тады знайсці радасць у сваёй веры?
Папа адказвае: «Я б сказаў, што ўсё адбываецца з дакладнасцю наадварот: вера з’яўляецца крыніцай радасці. Без Бога свет пусцее, усё становіцца сумным, усяго замала. Сёння лёгка заўважыць, як свет, пазбаўлены Бога, усё больш паглынае сам сябе, як ён цалкам стаў светам, у якім не хапае радасці. Вялікая радасць паходзіць ад таго, што існуе бязмежная Любоў, гэта і з’яўляецца асноўным пасланнем веры. З’яўляемся тымі, каго Бог нязломна любіць.
Менавіта з-за гэтага хрысціянства на пачатку распаўсюджвалася сярод слабых і церпячых людзей. Відавочна, сёння такі факт можна інтэрпрэтаваць у марксісцкіх катэгорыях і казаць, што гэта было толькі суцяшэннем, якое замяніла рэвалюцыю. У нейкім сэнсе дадзенае меркаванне засталося ў мінулым. Хрысціянства прывяло да збліжэння паміж гаспадарамі і іх нявольнікамі, святы Павел мог звярнуцца да аднаго з іх: “Не крыўдзі свайго наёмніка, бо стаўся ён тваім братам”.
Таму можна сказаць, што асноўным элементам хрысціянства з’яўляецца радасць. Радасць не ў сэнсе таннай забавы, за якой можа хавацца адчай — усе ведаем, што ўсмешка часта маскіруе роспач. Хутчэй, гэта радасць у правільным сэнсе. Радасць, якая дапаўняе цяжкасць існавання і робіць яго зносным. Паводле Евангелля, гісторыя Езуса Хрыста пачынаецца са слоў анёла, які кажа да Марыі “Радуйся!” У ноч нараджэння Езуса анёлы ізноў кажуць: “Абвяшчаем вам вялікую радасць”. Езус таксама кажа: “Я абвяшчаю вам добрую вестку”. Таму сутнасць заўсёды адна і тая ж: “Абвяшчаю вам вялікую радасць, Бог існуе, Бог усіх вас любіць, нязменна любіць”».
Аднак існуе даволі распаўсюджанае меркаванне, што каталіцкая вера з яе акцэнтам на ўстрыманні, ахвярнасці і кульце цярпення нясе ў сабе песімістычны погляд на свет. Многія бачаць у гэтым толькі сістэму забарон і самаабмежаванняў, якія нібыта пазбаўляюць жыццё фарбаў. Вось як разважае пра гэта Папа:
«У часы Французскай рэвалюцыі з’явілася ідэалагічнае перакананне, што хрысціянства, якое верыць у канец свету, Апошні Суд і г.д., з’яўляецца песімістычнай рэлігіяй, у той момант, калі перыяд Новага часу, які культываваў прагрэс, павінен быў быць па сваёй сутнасці аптымістычным. Няцяжка заўважыць, што такое супрацьпастаўленне хрысціянства і Новага часу паступова губляе свой сэнс. Упэўненасць сучаснага чалавека ў сваіх здольнасцях знікае на вачах. Становіцца ўсё больш відавочным, што прагрэс таксама тычыцца магчымасцяў нішчэння. Выглядае на тое, што чалавек не дарос у этычным плане да ўзроўню свайго розуму і яго здольнасці становяцца здольнасцямі знішчэння. Хрысціянства не прапаведуе, што гісторыя — гэта заўсёды непазбежны прагрэс і таму чалавецтва становіцца ўсё лепшым.
Чытаючы Апакаліпсіс, можна заўважыць, што чалавецтва насамрэч рухаецца па кругу. Дагэтуль здараюцца жахлівыя сітуацыі, з якіх людзям неяк удаецца выбрацца, але на іх месцах з’яўляюцца новыя. Хрысціянства таксама не прапануе ўнутранага стану збаўлення, які мог бы быць пабудаваны праз самога чалавека. Думка, што людскія справы непазбежна паляпшаюцца, не мае ніякай падтрымкі ў хрысціянскай веры. Аднак элементам гэтай веры, несумненна, з’яўляецца ўпэўненасць у тым, што Бог не дазволіць чалавецтву ўпасці, таму што яно ніколі не можа стаць цалкам няўдалым “стварэннем”, нават калі ў наш час многія людзі прытрымліваюцца думкі, што лепш было б каб чалавецтва ўвогуле ніколі не з’явілася.
Таму схема аптымізму і песімізму з’яўляецца цалкам недарэчнай. Хрысціянін, як і кожны разумны чалавек, бачыць, што ў гісторыі могуць здарацца вялікія крызісы, можа нават сёння стаім перад такім. Ён таксама разумее, што не існуе такога паняцця як унутраны аўтаматызм, дзякуючы якому гісторыя разгортвалася б у станоўчым кірунку, што ўсе віды пагроз рэальныя. Аднак ён захоўвае аптымізм, верачы, што Бог трымае свет у Сваіх руках, таму такая жахлівая падзея як, напрыклад, Асвенцім, які мусіць быць для нас найглыбейшым шокам, неяк ахоплівае той факт, што Бог мацнейшы за любое зло».
Калі існуе сцвярджэнне, што кожны чалавек, які належыць да Касцёла, па сваёй прыродзе пакліканы да паўнаты і перажывання шчасця, то непазбежна паўстае прынцыповае і вельмі практычнае пытанне: ці сапраўды католікі адчуваюць сябе больш шчаслівымі, чым усе астатнія?
«Шчасце — гэта катэгорыя, якая мае шмат аспектаў. Нагорная пропаведзь пачынаецца так званымі благаславенствамі. Езус прадстаўляе чалавецтву хрысціянства як школу шчасця, паказвае дарогу. Але ўважлівае чытанне Евангелля дазваляе нам зрабіць выснову, што гэтая школа супярэчыць уяўленням, якія людзі звычайна маюць пра шчасце.
Большасць сказала б, што шчаслівым з’яўляецца той, хто мае дастаткова багацця, адпаведныя сродкі, каб жыць прыгожым жыццём. Шчаслівы той, хто захоўвае добры настрой і каму шчасціць у жыцці. Але Езус кажа: “Шчаслівыя засмучаныя”. Таму Яго тэорыя шчасця вельмі парадаксальная ў параўнанні з нашымі ўяўленнямі. Шчасце, пра якое кажа Хрыстос, не мае нічога агульнага з камфортам.
Такім чынам, можна добра зразумець, што такое навяртанне. Той, хто навярнуўся, павінен адмовіцца ад распаўсюджаных мерак шчасця, згодна з якімі яно з’яўляецца багаццем, маёмасцю, уладай. Рухаемся па няправільным шляху, калі разглядаем гэтыя чыннікі як меру шчасця. Хрыстос не абяцае нам знешняга шчасця, але пачуццё ўнутранай бяспекі, крыніцай якой з’яўляецца еднасць з Госпадам. Да гэтага сапраўды неабходна імкнуцца: каб Ён стаў святлом шчасця ў нашым жыцці».
У свеце дрэнных навін патрэбнае пасланне, што свет у аснове сваёй добры, што Бог ёсць і Ён добры, што добра жыць і быць чалавекам. Калі наша радасць паходзіць з даверу да Бога, а не проста з аптымізму, калі яна паходзіць з упэўненасці ў Богу, а не проста з пазітыву, тады можам адкрыць найвялікшую таямніцу — здольнасць адчуваць радасць нават сярод пакут. Таму варта «капнуць» глыбей і паспрабаваць адкрыць гэты першабытны давер да Бога, каб заўсёды мець напагатове сведчанне, каб «даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» (1 Пятра 3, 15).
Адказы на пытанні ўзятыя з кнігі “Sól ziemi. Chrześcijaństwo i Kościół katolicki na przełomie tysiącleci”, kard. Joseph Ratzinger, Peter Seewald.