Усё маё жыццё — гэта шлях да Бога, да Вялікага, Святога Бога.
Я з'явілася на свет у 1972 годзе, і, як мне доўгі час здавалася, у савецкія сацыялістычныя гады, аж да 90-х, у маім жыцці не было Бога. Але гэта было не так. З першых дзён майго жыцця на зямлі Ён быў побач, хоць я гэтага не ўсведамляла.
Я нарадзілася ў сям'і, якую можна назваць узорам і сімвалам савецкай эпохі. Тата — калгаснік, мама — рабочая на заводзе. Абое працаголікі, перадавікі вытворчасці. Мы жылі ў вёсцы, недалёка ад горада, нас у сям'і было шасцёра: тата, мама, трое дзяцей і бабуля (маці бацькі). Усё як у большасці сем'яў у той час: праца, агарод, гаспадарка, ужыванне алкаголю з любой нагоды і поўная адсутнасць якіх-небудзь адносін з Богам.
Побач са мной заўсёды былі людзі, якія п’юць: бацька, дзядзька, бабуля і дзядуля, суседзі, татавы і маміны знаёмыя. Усе яны пілі часта і шмат, ствараючы мноства праблем, атмасферу хаосу і неразбярыхі.
Мой бацька піў заўсёды. Адзінае, што ўтрымлівала яго ад таго, каб заліць вочы — гэта адсутнасць спіртнога. І, калі спіртнога не было ці яго было недастаткова (а гарэлкі, як вядома, шмат не бывае), ён устройваў дэбошы, якія доўжыліся гадзінамі, часам усю ноч. Я была зусім яшчэ маленькай дзяўчынкай, але ўжо ўдзельнічала ў працэсе «закалыхвання» неўгамоннага п'яніцы. Мяне падкладвалі бацьку пад бок у надзеі, што ён супакоіцца побач са мной і засне. Я ляжала, баючыся паварушыцца, задыхаючыся ад жудаснага перагару. Але ўжо тады, будучы зусім яшчэ дзіцём, я старанна «выконвала місію», ратавала сям'ю, выпраўляла тое, што выправіць было немагчыма. Я пакутавала фізічна, але ганарылася сабой. Я здолела, я змагла, я вытрымала!
Бацька працаваў у калгасе механізатарам. У савецкія часы нязменным атрыбутам працы трактарыста, камбайнера, вадзіцеля была бутэлька. Кожнаму калгасніку ў прыватным падворку патрэбны быў і трактар, і камбайн. Вось і дапамагалі адзін аднаму, хто чым мог. Аплата адна — спіртное.
Тата напіваўся так, што калі прыязджаў дадому, літаральна вывальваўся з трактара. Мы з мамай цягнулі яго ў хату, ці ён сам сяк-так на карачках дапаўзаў да кухні і засынаў проста на падлозе. Вельмі часта мама лаялася з татам. Яны маглі крычаць і абражаць адзін аднаго доўга, а калі маме гэта надакучвала, мы сыходзілі з хаты, хаваліся ў лазні, на гарышчы, часам у суседзяў. Было ўсё: абразы, знявагі, рукапрыкладства, бойкі з праліццём крыві. Усё гэта было ўвечары, ноччу, а раніцай мама ўставала, рыхтавала тату сняданак, збірала яго на працу. Ён нязменна прасіў прабачэння, часам стоячы на каленях, казаў, што гэта больш не паўтарыцца. Маму, падобна, прабачэнні бацькі задавальнялі, і мы працягвалі жыць далей, нічога не мяняючы, да новай п'янкі. А яна магла здарыцца ў гэты ж дзень…
Я ў дзяцінстве часта і шмат плакала, вельмі пакутавала. Мне заўсёды было страшна і да болю хацелася ўсё наладзіць. Я адчувала, што тата і мама нешта робяць няправільна, але вось што?.. Я была дзіцём і канешне ж не магла зразумець — праблема ў алкаголі. Алкаголь кіраваў нашым жыццём, разбураў яго, ператвараў у пекла.
Я ў той час была маленькай дзяўчынкай, малодшай у сям'і, і на маю долю выпала самае жудаснае.
Браты выраслі і пры першай магчымасці з'ехалі з дому. А я яшчэ доўгіх дзесяць гадоў жыла ў бацькоўскай сям'і, дзе панавала алкагольнае вар'яцтва бацькі і абсалютна незразумелыя паводзіны маёй маці.
Я памірала ад болю і страху, я адчайна прагнула любові. Падчас жудасных скандалаў, калі бацькі крычалі і абражалі адзін аднаго, а бацька мог узяць у рукі нож ці сякеру, я ўставала паміж імі і, заліваючыся слязамі, прасіла: «Татачка, калі ласка, дзеля мяне супакойся, не чапай маму!» Але бацька мяне не заўважаў, зрэшты, як і маці. Ім не было да мяне ніякай справы. Яны вырашалі свае «сямейныя пытанні». Памятаю я выбягала на вуліцу і глядзела ў зорнае неба. Я адчувала сябе пакінутай, непрынятай. Я мела патрэбу ў падтрымцы і любові. І я казала ў неба: «Дапамажы мне! Зрабі што-небудзь! Мне так кепска». У тыя хвіліны аднекуль з сэрца, з самых далёкіх куткоў маёй душы пачынала выцякаць цяпло. Яно расцякалася па ўсім целе, дабіралася да майго розуму і казала: «Не бойся, Я з табой, ты не адна». Гэта былі першыя, зусім несвядомыя хвіліны маёй камунікацыі з Богам.
Я расла ўзорнай дзяўчынкай, выдатна вучылася, ва ўсім дапамагала бацькам, ніколі не пападала ні ў якія «гісторыі», не піла, не паліла. Я хацела, каб мяне любілі, і ў пошуках гэтай любові ператварылася ва ўгодніцу, перфекцыяністку з «сіндромам выдатніцы», у дзіця-героя. Я скончыла школу з залатым медалём і паступіла ў інстытут, атрымала тое, да чаго імкнулася, але духоўная пустата ўзмацнялася. Пакутлівы пошук любові і жаданне быць патрэбнай кідалі мяне ў безразважныя адносіны з мужчынамі. Але чым мацней я старалася зрабіць нешта добрае для гэтых мужчын, тым больш пустэчы ўтваралася ў мяне ўнутры. Я не разумела, ды і як я магла тады зразумець, што кіравалася толькі законамі цела і пачуццяў. Духоўнасць, любоў Бога была мне недаступная. Я аддавала, каб атрымліваць. Я «любіла», «рабіла дабро» і патрабавала даць тое, чаго мне бракавала. А калі не хацелі даваць ці проста не разумелі, што мне патрэбна, я ператваралася ў гняўлівую істэрычную асобу.
Грэх, боль, слёзы і пакуты — вось тое, што я атрымлівала спаўна.
Я пачала размаўляць з Богам. Добра памятаю, як у сямнаццаць гадоў у сваім дзённіку я пісала пра Бога, задавала Яму пытанні пра сябе, пра сэнс жыцця, пра смерць. Я звярталася да Яго ўжо свядома, але не ўмела чуць Яго голас, таму не атрымлівала адказы. Мае духоўныя вочы і вушы не бачылі і не чулі. Яшчэ патрэбны былі час і боль. На жаль, мой шлях да Бога — гэта шлях неймавернага болю і пакут.
У дваццаць гадоў я выйшла замуж. Мой муж быў малады, неспрактыкаваны, і я ўзяла ўсё ў свае рукі, пачала іграць ролю Бога ў нашай сям'і. Я адчувала, што патрэбна мужу, лічыла, што без мяне ён знікне і ні з чым не справіцца. Гэта я і называла каханнем. Я з галавой пайшла ў матэрыяльны свет: зараблянне грошай, будаўніцтва дома, бясконцая злая гонка за прыбыткам. Я старалася займець усяго паболей, кідала ў «топку сваёй душы» ўсё, што толькі магла, а боль узмацняўся, пустата станавілася ўсёабдымнай. Страх, трывога, крыўды накрылі мяне, і я пачала шукаць суцяшэнне ў алкаголі. Мы з мужам амаль кожны дзень выпівалі, ладзілі вечарынкі, дзе было шмат граху: вар’яцтва, віны і распусты. Муж здраджваў мне, а я прабачала яму і пышылася такімі сваімі паводзінамі. «Вось я якая, дарую табе, здрадніку, поўзай у мяне ў нагах, май ува мне патрэбу, кахай мяне». Я паводзіла сябе як вар'ятка, апускаючыся ўсё глыбей і глыбей у балота граху. Ганарлівасць і сваявольства запоўнілі маю душу — нішто не магло мяне спыніць, нават нараджэнне сына.
Людзі кажуць, што любячы Бог, каб дастукацца да сэрца грэшніка, спачатку ціхенька, з любоўю, шэпча на вуха заклік да пакаяння. Потым гаворыць гучней. Затым Яго словы, як раскаты грому. Ну а калі душа, якая заблукала, не адклікаецца, Гасподзь пераварочвае і ломіць ўсё ў жыцці чалавека, каб выратаваць яго ад вечнай смерці. Так было са мной…
За дзесяць гадоў замужжа я часта чула голас Бога. Мае вочы і вушы паціху пачалі функцыянаваць. Малітвы, кароткія хвіліны пакаяння, спробы чытаць Біблію, камунікацыя з веруючымі — усё гэта было Яго голасам, Яго заклікам спыніцца, задумацца пра тое, як я жыву, што раблю. І я спынялася, задумвалася, але не... свавольна ішла далей па сваім шляху. Я ведала, як трэба, я вырашала, што правільна, а што не. На маім полі гульні ў Жыццё я трымала Бога «запасным гульцом».
У 2002 годзе, калі майму мужу было трыццаць гадоў, а сыну чатыры гады, здарылася трагедыя. Падчас пажару яны загінулі. Стан, які агарнуў мяне пасля іх смерці, можна апісаць так: поўная страта сябе і сувязі з рэальным светам. Доўгі час мне падавалася, што я гляджу фільм. Вакол мяне нешта адбывалася: людзі, падзеі, нейкі рух, — але ўсё гэта, нібы на экране. Я не ўдзельнічала ў тым, што адбываецца, я проста назірала. У гэтым фільме пад назвай «Жыццё» ў мяне не было ролі. Усё тое малое, што я мела ў сваёй душы, больш нікім не было запатрабавана. Я ўжо нікому не была патрэбная, таму зразумела, што хутка памру. Гэта быў канец. Так мне падалося... Але ў Бога быў свой план.
«Самая цёмная ноч перад світаннем». І світанак настаў. Тое, што далей адбылося ў маім жыцці, я называю цудам! Ужо ў першую ноч пасля смерці мужа і сына я звярнулася да Бога, бо адчула Яго зусім блізка. Я стала маліцца шчыра, з верай у тое, што Ён — Існы. Праз тры дні ўзяла ў рукі Біблію, пачала з захапленнем чытаць Слова Божае і ўжо ніколі не разлучалася з Ім. Праз месяц прыйшла ў пратэстанцкую царкву і правяла там доўгія сямнаццаць гадоў, перш чым знайшла свой сапраўдны дом — святы Каталіцкі Касцёл. Я называю ўсё гэта цудам, таму што зрабіла гэта без якога-небудзь чалавечага ўдзелу, наказу і ціску. Гасподзь паклікаў мяне. Я адчыніла дзверы сваёй душы Богу і ўжо ніколі не зачыняла іх.
З таго часу прайшло дваццаць гадоў. Усе гэтыя гады я вучылася жыць з Богам, верыць у Яго і давяраць Яму сваю волю і сваё жыццё. Якія ж гэта былі няпростыя гады! Спачатку вера ў Бога моцна ўскладніла маё існаванне. Я верыла ў Яго, баялася Ягоных пакаранняў, але дзейнічаць па Яго запаведзях, давяраючы Яму і любячы Яго, я не ўмела. Свавольства цягнула мяне ў адзін бок, пошук волі Бога зусім у іншы. Я раздзіралася на часткі. Страціўшы сям'ю, дом і ўсё, што ў мяне было матэрыяльнага, я паспрабавала хоць нешта вярнуць. Мне было трыццаць гадоў, я хацела нарадзіць дзіця, але нараджаць па-за шлюбам было б вялікім грахом, і я хутка выйшла замуж за алкаголіка. Так, менавіта так. Побач са мной з'явіўся мужчына, які ўпадаў у запоі, не мог нармальна працаваць і ўтрымліваць самога сябе. Я пачала ратаваць, вырашаць яго праблемы, браць ягоную адказнасць на сябе. Так некалі рабіла мая мама. Я «ўмела быць жонкай алкаголіка», навучылася гэтаму ў бацькоўскай алкагольнай сям'і. Я зайшла на чарговае жыццёвае кола, дзе выступала ў ролі ўгодніцы, жанчыны-героя, выратавальніцы, ахвяры і пераследніцы. Імкнулася з усіх сіл, кожны дзень малілася і прасіла Бога мне дапамагчы. Я не разумела, што будавала дом на пяску. Бог быў побач, але я не запрашала Яго ўдзельнічаць у будаўніцтве. Я не хацела будаваць паводле Яго плана і паняцця не мела, як закласці Яго — Вялікага Бога — у падмурак майго жыцця. Я верыла ў Яго, але не давярала Яму. У выніку, вецер падзьмуў — дом упаў.
Муж піў заўсёды і ўсюды. Яго ўвесь час выганялі з працы; часам ён, вядома, паспяваў звольніцца па ўласным жаданні, абвінавачваючы начальства ў несправядлівым да яго стаўленні. Выцвярэзнікі, штрафы, сталае безграшоўе, скандалы і бойкі. Муж піў шмат і нішто не ўтрымлівала яго ад ужывання: ні хваробы, ні мая цяжарнасць, ні нараджэнне сына. Я заўсёды думала, што калі буду яго кахаць, то ён усё зразумее, зменіцца, «возьме сябе ў рукі». На жаль, не зразумеў, не змяніўся, пачаў піць яшчэ больш і пусціўся ва ўсё цяжкія. Мой муж вытвараў такое, што ні адна жанчына, якая хоць трохі сябе паважае, не трывала б і аднаго дня. Я трывала гады. Не проста трывала, я ратавала мужа, як магла, знаходзіла лекараў, клінікі, рэбцентры, аплачвала лячэнне і цалкам утрымлівала яго. Ва ўсім адмаўляла сабе і дзіцяці, каб дапамагчы, выратаваць, вылечыць блізкага чалавека. Я рабіла ўсё гэта сваімі сіламі і па сваёй волі, але ўвесь час у малітвах прасіла Бога аб дапамозе.
Аднойчы я не вытрымала і пайшла ад мужа да маці. Сыну было восем месяцаў. Мой малыш меў патрэбу ў клопаце, увазе і любові. Але я нечакана для самой сябе выразна і ясна ўбачыла, што не магу жыць нармальна, у спакоі і міры, не магу жыць без мужа-алкаголіка. Усе мае думкі былі толькі пра яго, я мела патрэбу ў ім, як у наркотыку, нікога і нічога не заўважаючы вакол сябе. У мяне «пачалася ломка», як у алкаголіка ці наркамана. Было балюча і страшна ўсведамляць, што я патрапіла ў д'ябальскую пастку. Гэта было маё «дно».
І тады я ўзмалілася ў слязах і шчырым раскаянні:«Госпадзе! Змяні маё жыццё! Зрабі з ім што хочаш. Разбуры, паламі, забяры, толькі змяні. Я больш так не магу». З той хвіліны маё жыццё пачало мяняцца.
У пратэстанцкай царкве, якую я тады наведвала, адзін брат-хрысціянін стаў членам Супольнасці «Ананімных Алкаголікаў». Ён параіў мне пайсці на групу. Гэтая група самадапамогі, куды маглі прыйсці людзі з алкагольнай залежнасцю, праводзілася ў касцёле. Менавіта ў касцёле нашыя добрыя айцы-марыяне цалкам бясплатна выдзелілі памяшканне для сустрэч. Разам з алкаголікамі на гэтыя сустрэчы прыходзілі іх жонкі, маці, дочкі. Крыху пазней была арганізавана група «Ал-Анон» (група, дзе збіраюцца сваякі і сябры алкаголікаў). Менавіта на гэтыя групы ў касцёл, прывёў мяне Любячы Бог.
6 сакавіка 2009 гаду я ўпершыню прыйшла на групу «Ал-Анон», каб зразумець, што здарылася са мной і маім мужам, і ўжо ніколі не сыходзіла з гэтага дзіўнага руху, вядомага і дзейснага ва ўсім свеце з 1935 году.
На групах, дзе людзі дзяліліся сваім досведам, сілай і надзеяй, я даведалася, што мой муж залежны ад алкаголю, а я залежная ад яго, іншымі словамі, я — сузалежная. У маёй галаве з'явілася яснасць і разуменне таго, што мой муж — алкаголік, алкагалізм — гэта хвароба, у аснове якой ляжыць грэх п'янства. Вылечыцца можна, усвядоміўшы духоўныя карані сваёй залежнасці ад спіртнога. Бессэнсоўна лячыць цела, калі няма духоўных змен.
Я ж, сузалежная жанчына, перашкаджала свайму блізкаму ўбачыць і адчуць вынік яго выбару. Я ўзвальвала на сябе праблемы, створаныя яго ужываннем, ратавала мужа ад фізічнага, эмацыйнага і духоўнага болю, руйнуючы свой свет, губляючы кантакт з самой сабой, а значыць з Богам.
Я пачала працаваць па праграме «12 Крокаў» (групы «Ананімных Алкаголікаў» і «Ал-Анон» ва ўсім свеце выкарыстоўваюць праграму гэту для духоўнага і фізічнага ацалення).
Гэтая духоўная праграма дапамагла мне пазнаць Бога, даверыцца Яму і пачаць будаваць з Ім адносіны праз пазнанне Яго любові да мяне. Я шмат і старанна працавала над сабой: увесь час і свядома малілася, наладжваючы кантакт з Богам; чытала слова Божае; вучылася медытацыі, разважанню і сузіральнай малітве; наведвала групы; займалася самаразвіццём, чытаючы духоўную літаратуру і кнігі хрысціянскіх псіхолагаў; ездзіла на форумы і семінары, якія праводзяцца ў цэрквах, а таксама на пляцоўках Супольнасці «Ананімных Алкаголікаў». У маім жыцці пачаліся перамены. Бог даў мне разважнасць, мужнасць і мудрасць, каб зрабіць правільна. Я папрасіла мужа пайсці і зрабіць выбар, патлумачыўшы, што хачу жыць у цвярозасці і Божай праўдзе. Я гатова ісці па гэтым складаным духоўным шляху разам з мужам, калі ён гэты шлях выбера таксама. Муж сышоў і адразу пачаў жыць з іншай жанчынай. Праз паўтара гады я падала на развод. Вядома, мне было вельмі балюча, я хацела захаваць сям'ю, хацела, каб муж пачаў здаравець, стаў іншым чалавекам: цвярозым, любячым, клапатлівым. Я гэтага хацела, але кожны дзень у малітве казала: «Хай будзе воля Твая, а не мая». Мы разышліся — для мяне гэта была воля Бога.
Жыццё працягвалася. Я расла духоўна, умацоўвалася фізічна і эмацыйна. Я пачала дапамагаць жанчынам, якія праходзілі праз пакуты і боль жыцця з алкаголікам: шмат ездзіла, мела камунікавала з людзьмі, расказвала пра сябе і ўвесь час была на сувязі з Госпадам.
Я не думала пра новае замужжа і ў малітвах не прасіла аб гэтым Бога, але ў маім жыцці з'явіўся мужчына, хрысціянін, які спазнаў любоў Бога праз ацаленне ад алкагольнай залежнасці. Ён прапанаваў мне стаць яго жонкай, і я, баючыся здзейсніць памылку, доўга малілася, звяртаючыся да Усявышняга: «Госпадзе, калі гэты мужчына не павінен быць побач са мной, прыбяры яго з майго жыцця. Я не магу гэта зрабіць сама, я не ведаю, як правільна. Але Ты ведаеш усё. Табе давяраю сваё жыццё. Няхай споўніцца воля Твая!»
Мы ажаніліся і вось ужо дзесяць гадоў жывем у шчаслівым цвярозым шлюбе. Вядома, сямейныя адносіны былі і застаюцца для нас вялікай сур'ёзнай працай. Але мы любім адзін аднаго, ідзём па адным шляху і ў нас ёсць самае галоўнае ў жыцці — вера і давер Вялікаму, Святому Богу, Айцу, Сыну і Духу Святому. З Богам мы расцём самі і гадуем дзяцей: сваіх і прыёмных. З'яўляючыся часткай святога Каталіцкага Касцёла, служым Богу, дапамагаючы залежным і сузалежным людзям. Працягваем наведваць групы, дзелімся сваім досведам, знаёмім жадаючых з праграмай «12 Крокаў».
Мы не спыняемся, таму што шлях духоўнага росту — гэта шлях даўжынёю ў жыццё. «Господь — Пастырь мой; я ни в чём не буду нуждаться: Он покоит меня на злачных пажитях и водит меня к водам тихим, Подкрепляет душу мою, направляет меня на стези правды ради имени Своего. Если я пойду и долиною смертной тени, не убоюсь зла, потому что Ты со мной; Твой жезл и Твой посох — они успокаивают меня» (Псалом 22:1-4).
Дзіна