Чалавек — гэта непадзельнае адзінства духа, душы і цела. Менавіта таму прастора нашай псіхікі і сфера духоўнага жыцця настолькі шчыльна пераплецены, што часам нагадваюць клубок, які вельмі цяжка разблытаць. Адной з балючых кропак гэтага перапляцення з’яўляецца ўнутраны неспакой, які мы можам адчуваць пасля памылак, грахоў ці нават проста сумнеўных сітуацый.
Многія вернікі часам задаюцца пытаннем: «Тое, што я адчуваю, — гэта голас Бога, які заклікае мяне да пакаяння, ці маё пачуццё віны, звязанае са страхамі, комплексамі ці дзіцячымі траўмамі?» Як адрозніць здаровы жаль за грахі ад неўратычнага самаедства, якое нішчыць чалавека знутры? Каб адказаць на гэтыя пытанні, неабходна паглядзець на чалавека адначасова вачыма хрысціянскай тэалогіі і сучаснай псіхатэрапіі.
Што такое сумленне?
Каб не заблытацца ў сваіх перажываннях, варта разумець розніцу паміж сумленнем і пачуццём віны. Хоць яны і рэагуюць на адны і тыя ж учынкі, гэта розныя паняцці. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла цытуе словы Другога Ватыканскага Сабору, называючы сумленне «самым таемным і святым месцам у чалавеку, дзе ён застаецца сам-насам з Богам, Чый голас гучыць у глыбіні яго душы» (ККК, 1776).
Сумленне — гэта не проста эмацыйны стан і не набор навязаных грамадствам правілаў. Гэта акт чалавечага розуму, які ў канкрэтны момант часу дапамагае прымяніць Божыя законы да канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Сумленне заўсёды скіравана на адносіны з Творцам. Яно не кажа чалавеку: «Ты дрэнны». Яно кажа: «Гэты ўчынак быў дрэнным, ён пашкодзіў твае адносіны з Айцом, вярніся да Яго».
Папа Ян Павел II у энцыкліцы Veritatis Splendor («Ззянне Праўды») падкрэсліваў важную рэч: чалавек не прыдумляе сам, што такое дабро і зло. Яго ўласнае сумленне адкрывае той маральны закон, які Бог ад пачатку заклаў у чалавечую прыроду.
Што такое пачуццё віны?
З пункту гледжання псіхалогіі, пачуццё віны — гэта эмоцыя, суб’ектыўнае перажыванне, якое часта бывае аўтаматычным і ірацыянальным. Калі сумленне — гэта рацыянальны інструмент суджэння, то пачуццё віны — гэта рэзананс у эмацыйнай сферы.
Гэта ўнутраны «паліцэйскі», які фарміруецца ў раннім дзяцінстве пад уплывам бацькоўскага выхавання, забарон, патрабаванняў і прынятых у грамадстве правіл. Калі дзіця робіць нешта, што выклікае незадаволенасць бацькоў, яно адчувае страх страты любові ці страх пакарання. У дарослым узросце гэты механізм працуе аўтаматычна: чалавек здзяйсняе памылку і імгненна адчувае цяжар, нават калі рацыянальна разумее, што нічога жудаснага не адбылося.
Плоскасць сумлення заўсёды шукае адказу на пытанне: «Што з’яўляецца аб’ектыўным дабром ці злом?», у той час як плоскасць пачуцця віны зацыклена на пытанні: «Як я выглядаю ў сваіх вачах і як я сябе адчуваю?» Сумленне заўсёды тэацэнтрычнае (скіраванае на Бога), а пачуццё віны — эгацэнтрычнае (скіраванае на ўласны дыскамфорт).
Калі сумленне маўчыць
Сучасны свет сутыкнуўся з дзвюма адваротнымі, але аднолькава небяспечнымі крайнасцямі: заглушаным сумленнем і неўратычным (скрупулёзным) сумленнем.
Шмат хто сёння схільны апраўдваць свае паводзіны фразай: «Маё сумленне чыстае, я не адчуваю ніякай віны». Але калі чалавек не адчувае віны, гэта яшчэ не робіць кепскі учынак добрым. Калі доўга ігнараваць голас Бога, то сумленне паступова становіцца «заглушаным», губляецца адчувальнасць да зла.
У такіх выпадках сапраўдны маральны закон замяняецца інтэлектуальнымі перакананнямі або ўласнай філасофіяй. Чалавек сам прыдумвае для сябе мараль, сам становіцца для сябе найвышэйшым суддзёй. Гэта стан духоўнай слепаты, які стварае ілюзію поўнай бязгрэшнасці. Пастаянныя самаапраўданні паступова заглушаюць голас сумлення, пакідаючы асобу безабароннай перад уласнымі памылкамі.
Феномен скрупулаў
Другая крайнасць — скрупулы, або хворае пачуццё віны. Гэта стан, калі ўнутраны «інструмент вымярэння» маралі становіцца настолькі звышадчувальным, што пачынае падымаць моцную трывогу з-за любой дробязі. Пры скрупулёзнасці цяжкі грэх бачыцца там, дзе яго аб’ектыўна няма, або нават у сітуацыях, якія наогул не залежаць ад волі (напрыклад, у міжвольных думках, эмоцыях ці фізіялагічных працэсах). Навакольны свет пачынае ўспрымацца як міннае поле, дзе небяспечна рабіць наступны крок.
Чаму так адбываецца? Псіхалогія тлумачыць гэта глыбокім непрыняццем уласнай чалавечай абмежаванасці і слабасці. З’яўляецца імкненне быць ідэальным і маральна бездакорным, каб заслужыць любоў Бога. Калі гэтага не атрымліваецца, унутраны голас маральнага кантролю абрушвае на псіхіку шквал самаасуджэння і абвінавачванняў.
Духоўныя інтуіцыі містыкаў
Каб зразумець, як працуе здаровае сумленне, можна звярнуцца да досведу каталіцкіх містыкаў. Пры глыбокім усведамленні ўласнай грэшнасці іх рэакцыя цалкам адрознівалася ад хваравітага самаедства. Напрыклад, святая Фаўстына Кавальская ў «Дзённіку» часам называла сябе найбольшай грэшніцай і балюча перажывала кожную сваю нявернасць Богу. Але гэта ніколі не прыводзіла да адчаю ці самаізаляцыі. Чым больш яна ўсведамляла сваю грахоўнасць, тым хутчэй бегла да крыніцы Божай Міласэрнасці. Сумленне прымушала яе шукаць Бога, а не хавацца ад Яго.
Яшчэ больш выразную псіхалагічную мяжу праводзіць святая Тэрэза Авільская. У сваім творы «Дарога да дасканаласці» яна разважае пра сапраўдную і фальшывую пакору. Святая падкрэслівае, што галоўным крытэрыем праўдзівай пакоры з’яўляецца ўнутраны спакой: «Сапраўдная пакора, якой бы глыбокай яна ні была, ніколі не прыносіць душы збянтэжанасці і трывогі; яна заўсёды суправаджаецца мірам, радасцю і спакоем. Ілжывая ж пакора прыносіць трывогу, бунт і жаданне збегчы. Гэта спакуса, пасланая злым» (ці, кажучы псіхалагічнай мовай, справакаваная таксічным пачуццём віны).
Здаровае сумленне дапамагае чалавеку прыняць той факт, што яго чалавечая прырода паранена грахом, але пры гэтым не губляецца ўсведамленне, што ён застаецца любімым дзіцём Бога. Чалавек прымае сваю недасканаласць і дазваляе Богу працаваць з уласнымі хібамі. Таксічнае пачуццё віны дзейнічае інакш — як механізм пасля першароднага граху, калі Адам і Ева адчулі сорам, спалохаліся і схаваліся ад Бога. Замест таго каб сузіраць Яго і прымаць Яго любоў, скрупулянт пачынае «сузіраць» уласны грэх, робячы яго цэнтрам свайго сусвету.
Практычныя парады пры скрупулёзнасці
Што рабіць чалавеку, які ўжо зразумеў, што яго сумленне працуе няправільна і што ён знаходзіцца ў пастцы хворага пачуцця віны? У каталіцкай духоўнай практыцы распрацаваны вельмі канкрэтныя правілы для выпадкаў скрупулёзнасці.
У літаратуры, прысвечанай дапамозе пры скрупулах, прыводзіцца класічнае правіла, якім стагоддзямі карысталіся спаведнікі, — прынцып відавочнасці. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што чалавек з хворым скрупулёзнымі сумленнем павінен лічыць грэх здзейсненым толькі тады, калі гэта відавочна і несумненна; у выпадку любых ваганняў або няўпэўненасці грэх лічыцца адсутным.
Акрамя таго, інструкцыя для скрупулёзных асобаў прапануе выкананне наступных крокаў:
1. Наяўнасць аднаго, пастаяннага спаведніка. Пры скрупулёзнасці не рэкамендуецца кожны раз звяртацца да розных святароў. Неабходна выбраць аднаго мудрага душпастыра і цалкам даверыцца яго меркаванню. Калі спаведнік кажа, што ўчынак не з’яўляецца грахом і дазваляе прыступаць да Камуніі, варта праявіць паслухмянасць, нават калі ўнутраныя пачуцці і страхі патрабуюць адваротнага. Пры хворым сумленні часова знікае магчымасць давяраць уласным пачуццям, таму патрэбна апора на знешні аўтарытэт.
2. Забарона вяртацца да мінулых споведзяў. Хваравітае пачуццё віны часта падымае падзеі дзесяці- ці дваццацігадовай даўніны, выклікаючы думкі пра тое, што споведзь была няякаснай і Бог не дараваў грахі. Гэта духоўная пастка, якая разбурае веру ў Божую Міласэрнасць. Калі грэх быў шчыра вызнаны падчас сакрамэнта, вяртанне да яго азначае сумнеў у сіле Хрыстовай ахвяры.
3. Абмежаванне часу на рахунак сумлення. Пры скрупулёзнасці рэкамендуецца прысвячаць рахунку сумлення вельмі кароткі час — літаральна некалькі хвілін, без паглыблення ў бясконцы псіхалагічны аналіз уласных матываў. Споведзь у такім выпадку павінна быць кароткай, канкрэтнай і доўжыцца ўсяго некалькі хвілін.
Як правільна фармаваць сумленне?
Сумленне чалавека не з’яўляецца нечым непахісным, яно патрабуе пастаяннага выхавання і ачышчэння на працягу ўсяго жыцця. Здаровае сумленне абараняе чалавека як ад эгаізму, так і ад неўратычных страхаў. Выхаванне гэтага далікатнага механізму ўключае тры галоўныя элементы:
1. Асабістыя намаганні, а не «аўтаматызм»: Сумленне не працуе само па сабе. Яно патрабуе часу, цішыні, рэгулярных унутраных прыпынкаў і асабістай працы, а не пошуку лёгкіх гатовых рашэнняў.
2. Распазнаванне галасоў: Падчас рахунку сумлення важна аддзяляць таксічную віну (якая прыгнятае і прымушае пакутаваць) ад голасу Бога (які паказвае на памылку, але дае надзею). На споведзі трэба вызнаваць учынкі, а не эмоцыі, бо за пачуцці чалавек маральнай адказнасці не нясе.
3. Духоўны і інтэлектуальны фундамент: Фармаванне сумлення грунтуецца на ведах, таму важна чытаць Святое Пісанне, духоўную літаратуру. Святая Тэрэза Авільская заклікала шукаць адукаваных святароў, бо невуцтва можа прывесці да таго, што псіхалагічныя праблемы памылкова могуць быць прынятыя за духоўныя адкрыцці.
4. Гатоўнасць да нязручнай праўды: Калі сумленне заўсёды апраўдвае інтарэсы чалавека і ніколі не выклікае дыскамфорту — яно зламанае. Бог — гэта жывая Асоба, а не наша праекцыя, таму часта пры дапамозе сумлення Ён указвае на рэчы, якія разбураюць чалавечы эгаізм. Менавіта гатоўнасць прыняць гэтую нязручную праўду і з’яўляецца прыкметай таго, што чалавек пачынае жыць паводле праўдзівага сумлення.
* * *
Шлях да духоўнай і псіхалагічнай сталасці патрабуе вызвалення ад неўратычнага страху і разумення, што таксічнае пачуццё віны замыкае нас у мінулым, тады як праўдзівае сумленне адкрывае сэрца для Божай міласэрнасці. Але калі духоўны стан чалавека цесна пераплецены з цяжкімі псіхалагічнымі перажываннямі, слоў суцяшэння на споведзі можа быць недастаткова. Калі святар бачыць гэта і далікатна скіроўвае чалавека да спецыяліста, ён выяўляе глыбокую мудрасць і клопат. Менавіта такое сумяшчэнне духоўнай і псіхалагічнай дапамогі дазваляе чалавеку разабрацца з трывогай і здабыць унутраны спакой.
Крыніцы:
Emanuel Dział OP, «Skrupulatom na ratunek», 2023.
https://jan.by/lib/18-dakumety-kastsjola/197-veritatis-splendor-siyanie-istiny