Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Неспакойнае сэрца

«Я чалавек просты, няшчасны грэшнік, яшчэ крыху мастак» (Кіко Аргуэльо)

21.10.2025 праглядаў 7 хвілін чытання
«Я чалавек просты, няшчасны грэшнік, яшчэ крыху мастак» (Кіко Аргуэльо)

Свецкія асобы, безумоўна, з’яўляюцца ключавым элементам жыцця Касцёла, яны ствараюць яго як супольнасць вернікаў. Аднак, часам складана паверыць, што нейкі асобны “маленькі” чалавек без вялікіх тытулаў, асаблівых духоўных заслуг, нават без шматгадовага вопыту прапаведавання, можа так шмат зрабіць для евангелізацыі.

Кіко Аргуэльо так і пачынаў: перажыў навяртанне, пачаў жыць у бараках з убогімі, маліцца з імі, а ў выніку стаў адным з заснавальнікаў масавага каталіцкага свецкага руху — Неакатэхуменальнага шляху.


Франсіска (Кіко) Аргуэльо нарадзіўся 9 студзеня 1939 года ў іспанскім Ляоне. Паходзіў з заможнай сям’і, быў старэйшым з чатырох братоў і сясцёр. Пазней разам з сям’ёй пераехаў у Мадрыд. Вучыўся ў Акадэміі выяўленчага мастацтва, пасля сканчэння якой атрымаў званне прафесара жывапісу і малюнка. У дваццаць гадоў атрымаў надзвычайную нацыянальную прэмію ў галіне жывапісу.

Пасля глыбокага экзістанцыйнага крызісу перажыў навяртанне. Займаўся даследаваннем і развіццём сакральнага мастацтва. Падтрымліваў сувязь з праваслаўнай царквой і пратэстантамі. Праз пэўны час стаў евангелізатарам і разам з Кармэн Эрнандэс распачаў Неакатэхуменальны шлях, які і па сённяшні дзень выконвае вялікую ролю ў справе евангелізацыі, у тым ліку і ў Беларусі.



Досвед духоўнай пусткі

Падчас вучобы Кіко моцна аддаліўся ад рэлігійных практык, пазнаёміўся з поглядамі Жана Поля Сартра і іншых экзістэнцыялістаў, стаў прыхільнікам камунізму. Ён быў перакананы, што ўсё ёсць абсурдам, а рэальнасць увогуле не мае сэнсу. Доўгі час жыў з думкамі, што Бога не існуе.

Ён пачаў думаць пра самагубства, бо адчуваў, што паспяховая кар'ера, слава і грошы, якія на той час у яго былі, не маглі вырашыць унутраныя праблемы і не давалі адказаў на самае важнае экзістэнцыяльнае пытанне: “Навошта жыць?” Дадаткам да знешняга поспеху былі толькі цемра, сум, немагчымасць задавальнення і, як вынік, адсутнасць матывацыі да жыцця. З’явілася свядомасць, што калі нічога не зменіцца, то лепшым выйсцем будзе толькі самагубства.

Але паколькі Кіко быў творчым чалавекам, то звярнуў увагу на інтуіцыю, якая гаварыла яму, што не можа быць, каб прыгажосць свету была пазбаўлена ўсялякага сэнсу. Хаця рацыянальныя прычыны не пераканалі яго ў існаванні Бога, як не пераконвала і прыгажосць самога стварэння, ён усклікнуў да Бога: «Калі Ты ёсць, прыйдзі і дапамажы мне, бо мне пагражае смерць!»

І Бог адказаў на яго крык.


Харызматычны досвед Бога

Бог можа ўмяшацца ў жыццё чалавека надзвычайнымі спосабамі і пераканаць у Сваім існаванні. У выпадку Кіко так і атрымалася: недаступным для чалавечага розуму чынам, Бог раптам дакрануўся да яго ўсёй Сваёй Сутнасцю. Кіко пачаў плакаць, таму што адчуваў сябе чалавекам, які раней быў асуджаны на смерць, а цяпер вызваліўся ад яе. Сустрэча з Богам паказала яму рэальнасць пераходу ад смерці да жыцця. Ад духоўнай смерці, якую перажываў у сваім сэрцы, а таксама ад фізічнай, да якой ён рухаўся, спакушаны суіцыдальнымі думкамі.

Гэты харызматычны вопыт сустрэчы з Богам прымусіў Кіко Аргуэльо пачаць сваю хрысціянскую фармацыю. На дапамогу прыйшоў мясцовы рух Cursillos de Cristianidad, які праводзіў кароткія, але вельмі інтэнсіўныя курсы па падрыхтоўцы людзей да евангелізацыі. Яны аказалі моцны ўплыў на будучага заснавальніка Неакатэхуменальнага шляху. Дапамаглі яму сфарміраваць меркаванне пра Касцёл, Папу, святароў, далі адказы на іншыя важныя пытанні.

Праз курсы Бог даў Кіко чуласць да людскіх пакут і ў той жа час паказаў розныя вымярэнні чалавечага болю. Кіко адкрыў у сваім сэрцы вялікае жаданне дапамагаць бедным і церпячым.



Бог таксама дакрануўся да яго сэрца праз прыклад жыцця святога Шарля дэ Фуко. Пастаяннае знаходжанне манаха перад Найсвяцейшым Сакрамантам, яго прабыванне сярод бедных, якія вядуць незаўважнае жыццё, як Святая Сям'я з Назарэта — усё гэта было вялікім адкрыццём для іспанскага мастака. Многія элементы духоўнасці Шарля дэ Фуко адлюстроўваюцца сёння ў Неакатэхуменаце (напрыклад, адкрытасць на іншыя рэлігіі, захапленне Святой Зямлёй, духоўнасць Сям’і з Назарэта, жаданне евангелізацыі, спагадлівасць да бедных і г.д.).

Наступным месцам сустрэчы з Богам былі чалавечыя пакуты. Кіко згадвае ў сваім сведчанні пра жанчыну, што прыбірала ў доме яго бацькоў, якую часта збіваў муж-алкаголік. Ён паспрабаваў дапамагчы гэтай сям’і выйсці на добры шлях, але хутка зразумеў, што маральна сапсаваныя людзі, як гэты алкаголік, маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе, ім неабходна быць у супольнасці. Кіко вырашыў жыць побач з гэтай сям'ёй, хоць атрымалася сапраўды цяжкае суседства. Пазнаёміўся там з іншымі людзьмі з няпростым жыццём, бачыў іх пакуты, запытваў у сябе і ў Бога: «Чаму яны пакутуюць, а не я?»

Сустрэча з людзьмі з гэтага асяроддзя прывяла яго да сустрэчы з Езусам Укрыжаваным. Крызіс, які сам перажыў раней, даў Кіко магчымасць лепш зразумець тых, хто праходзіць праз драму ўласнага існавання. Ён адкрыў для сябе, што навокал ёсць шмат нявінных людзей, якія бясконца пакутуюць, абцяжараныя грахамі іншых. Стала зразумелым, што сам Хрыстос пакутуе з нявіннымі, і што такія людзі разам з Хрыстом нясуць збаўленне свету. Кіко быў так крануты іх лёсамі і тым прыніжэннем, якое яны перажываюць, што вырашыў пакінуць прывычнае жыццё і пасяліцца з беднымі ў бараках Паламера на ўскраіне Мадрыда.



Досвед сілы прапаведавання і жыццё ў супольнасці

З гітарай і Бібліяй Кіко перасяліўся ў адзін з баракаў, дзе суседнічаў з цыганамі, пераважна непісьменнымі, валацугамі, зладзеямі, прастытуткамі, маладымі правапарушальнікамі, эмігрантамі і г.д. Менавіта тут ён пачаў шмат часу ўдзяляць убогім: размаўляў з імі пра Хрыста, пра жыццё, пра веру, іграў на гітары і спяваў.

У хуткім часе сярод баракаў пазнаёміўся з Кармэн Эрнандэс. Яна таксама паходзіла з Іспаніі, мела ступень магістра па хіміі, праходзіла фармацыю ў Езуіцкім інстытуце, скончыла тэалогію ў дамініканцаў і заўсёды марыла паехаць на місію ў іншую краіну, але служэнне знайшлося і на радзіме.

Кармэн пабудавала сабе барак побач са сцяной завода, каб быць бліжэй да ўбогіх, і пачала прапаведаваць разам з Кіко. З таго часу стала найбліжэйшай яго сяброўкай і паплечніцай і заставалася ёй да канца свайго жыцця.

Вялікае ўражанне на Кіко аказала пытанне пра Уваскрасенне Хрыста, якое задала адна з мясцовых жанчын: “Ці бачылі вы нябожчыка, які вярнуўся з могілак? Калі вы бачылі нябожчыка, які вярнуўся з могілак, я паслухаю далей. Калі не — размова скончана!” Ён заўважыў, што простыя людзі звяртаюць увагу на гэтую пасхальную падзею; уваскрэсенне з мёртвых з'яўляецца для іх пераканаўчым доказам. З таго моманту Кіко адчуў, што яму неабходныя моцныя адносіны з уваскрослым Хрыстом, настолькі моцныя, каб стаць сведкам Яго Уваскрэсення. Тут яны цалкам сышліся з Кармэн, каторая засведчыла нешта падобнае крыху раней і павольна пачалі выяўляць змест асноўнага паведамлення Добрай Навіны.



Досвед Новай Евангелізацыі

Артыстычны тэмперамент Кіко, яго экзістэнцыяльны вопыт, катэхетычная фармацыя ў Cursillos de Cristiandad, а таксама імпульс да евангелізацыі з боку Кармэн, яе тэалагічная падрыхтоўка, веданне Пасхальнай Таямніцы і аднаўленняў Другога Ватыканскага Сабору, разам з атмасферай самых бедных людзей на зямлі стварылі ўмовы, якія спарадзілі керыгматычны, тэалагічна-катэхетычны сінтэз, на якім зараз грунтуецца Неакатэхуменальны шлях.

Так нарадзілася першая супольнасць сярод беднаты з баракаў, што складалася з непісьменных цыганоў, валацугаў, былых вязняў, прастытутак і г. д. Гэта дало пачатак Неакатэхуменальнаму шляху, які акрэсліўся крыху пазней: Слова, Эўхарыстыя, хрысціянская супольнасць.



Еднасць бяздомных і цыганоў, якія жывуць і моляцца разам, стала вялікім сведчаннем для іншых людзей (у тым ліку людзей Касцёла). Тагачасны арцыбіскуп Мадрыда заахвоціў ініцыятараў Шляху пашыраць яго. Супольнасць пачалі ўсяляк падтрымліваць, запрашаць да мадрыдскіх парафій, а пазней і за мяжу.

Праз некаторы час Неакатэхуменальны шлях быў зацверджаны Касцёлам, атрымаў падтрымку ад Ватыкана, дзякуючы гэтаму стаў актыўна распаўсюджвацца. Пачалі з’яўляцца новыя супольнасці, адбылося шмат навяртанняў, людзі адкрыліся на дар жыцця, на дзяцей, яны былі гатовыя змяняць сваё жыццё, ехаць з місіямі ў іншыя краіны. Сёння супольнасці Неакатэхумената існуюць больш чым у ста краінах свету, у тым ліку і ў гарадах нашай краіны.


***


Хацелася б адзначыць, што евангелізацыйная дзейнасць Кіко не абмяжоўваецца толькі супольнасцю. Важная сфера для евангелізацыі і фарміравання хрысціянскай культуры — стварэнне ўмоў у галіне мастацтва, як жывапісу, так і архітэктуры. Як мастак, Кіко стварае абразы і фрэскі, што ўпрыгожваюць сцены еўрапейскіх сабораў. Як архітэктар — распрацаваў канцэпцыю архітэктурнай структуры, якая адлюстроўвае правільнае размяшчэнне прасторы, прызначанай для цэлебрацыі літургіі і паўсядзённага жыцця для парафій і семінарый.

Кіко Аргуэльо стварыў для Неакатэхуменальнага Шляху новы музычны стыль і напісаў больш за 300 песень. Некаторыя з іх рэгулярна выконваюцца ў шматлікіх парафіях па ўсім свеце. Таксама ён з'яўляецца аўтарам дзвюх кніг: у 2012 годзе ён апублікаваў “Керыгма, у бараках з убогімі”, у 2016 годзе — “Нататкі. 1988-2014”.

Цяпер Кіко — 86 гадоў. Кармэн не стала ў 2016, распачата справа аб яе кананізацыі.




Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаныя наступныя крыніцы:

Керигма: в бараках с убогими / Кико Аргуэльо. — CLARA STUDIO, 2013.

DOŚWIADCZENIE EWANGELIZATORA WEDŁUG ŚWIADECTWA KIKO ARGÜELLO / KS. JAN KRZYSZTOF MICZYŃSKI. — ROCZNIKI TEOLOGII DUCHOWOŚCI. — Tom 5(60), 2013.

https://neocatechumenaleiter.org/



Матэрыял падрыхтавала Ірына Кухальская

Падзяліцца