З першай часткай артыкула можна азнаёміцца тут:
* * *
Чытанне Святога Пісання ў жыцці хрысціяніна займае цэнтральнае месца, аднак не заўсёды правільна разумеецца яго сапраўдная прырода. Для адных Біблія становіцца крыніцай ведаў, для другіх — маральным арыенцірам, для трэціх — гістарычным дакументам. Але ў святле Евангелля становіцца відавочна: Пісанне дадзена чалавеку перш за ўсё як прастора сустрэчы з жывым Богам.
Сам Хрыстос раскрывае гэта, кажучы: “Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец” (Ян 4, 23-24).
Гэтыя словы паказваюць на глыбінны прынцып сапраўднага богапазнання. Бог не спазнаецца выключна праз вонкавыя формы, праз літару ці інтэлектуальны высілак. Ён адкрываецца ў Духу і ў праўдзе. Таму і Слова Божае не можа быць успрынята як звычайны тэкст: яно патрабуе духоўнага падыходу, унутранай адкрытасці і ўдзелу Духа Святога.
Хрыстос абяцае Сваім вучням Суцяшыцеля, Які стане іх настаўнікам: “І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды” (Ян 14, 16-17), і далей “А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (Ін 14, 26). У гэтых словах адкрываецца непарыўнае адзінства Духа і Слова. Дух Святы не прыносіць новай, незалежнай ісціны — Ён адкрывае ўжо дадзенае Слова, робіць яго жывым, зразумелым і дзейсным у сэрцы чалавека. Без Яго нават словы самога Хрыста застаюцца да канца не зразуметымі. Невыпадкова вучні, знаходзячыся побач з Езусам, не заўсёды разумелі Яго вучэнне. Толькі пасля ўваскрэсення і даравання Духа Святога іх розум быў адкрыты: “Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне” (Лк 24, 45).
Такім чынам, Пісанне патрабуе не толькі чытання, яно не проста вывучаецца — яно адкрываецца Духам Святым.
Гісторыя Евангелля паказвае, наколькі небяспечным можа быць абмежаванне толькі вонкавым успрыманнем тэксту. Калі Хрыстос у Назарэце чытае прароцтва Ісаі і кажа: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (Лк 4, 21), людзі чуюць словы, але не прымаюць Таго, Хто праз іх гаворыць. У выніку: “Усе ў сінагозе напоўніліся гневам” (Лк 4, 28).
На жаль, гэтая трагічная супярэчнасць — чуць Пісанне і адкідаць Бога — заўсёды актуальная. Чалавек можа старанна вывучаць Біблію, але пры гэтым не чуць голасу Божага. Менавіта гэта выкрывае першамучанік Стэфан: “Вы з цвёрдым каркам, з неабрэзаным сэрцам і вушамі, вы заўсёды працівіліся Духу Святому” (Дз 7, 51). Тут гаворка ідзе не пра недахоп ведаў, а пра ўнутраны супраціў. Слова Божае патрабуе не толькі розуму, але і сэрца, здольнага слухаць, адкрытага на Духа Святога.
Пісанне апісвае, якім чынам чалавек перажывае жывое дзеянне Слова. Прарок Ерамія называе гэты стан “жарам унутранага агню”: “Слова Маё ці ж не падобнае на агонь, кажа Гасподзь?” (Ер 23, 29), і ў іншым месцы: “Было ў сэрцы маім, як бы палкі агонь, заключаны ў костках маіх” (Ер 20, 9).
Гэты вобраз агню паказвае на духоўную рэальнасць, у якой Слова становіцца жывым досведам. Гэта не проста разуменне, а ўнутраны жар, злучаны з радасцю, сілай і перакананасцю. Падобны досвед апісвае і псалмаспевец: “Запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь” (Пс 38, 4).
Асабліва ярка гэта праяўляецца ў гісторыі вучняў, якія ідуць у Эмаўс. Калі ўваскрослы Хрыстос тлумачыць ім Пісанне, яны пазней кажуць: “Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?” (Лк 24, 32).
Менавіта гэтае “паланне сэрца” становіцца прыкметай сапраўднага слухання, калі Слова перастае быць вонкавым — яно ўваходзіць унутр, асвятляе розум і дакранаецца глыбіні асобы.
Аднак гэтае ўнутранае перажыванне патрабуе адрознівання. Не ўсякі рух думкі ці пачуцця з’яўляецца дзеяннем Духа Святога. Хрыстос дае крытэрый: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю” (Ян 14, 27).
Сапраўднае дзеянне Бога прыносіць спакой — глыбокі, устойлівы, які не залежыць ад знешніх абставін. Таму ўсялякае духоўнае ўспрыманне Слова павінна правярацца гэтым плёнам. Там, дзе ёсць спакой, там дзейнічае Бог.
У гэтым кантэксце становіцца зразумелым і вучэнне апостала Паўла: “Таму вера — ад пачутага, а пачутае — праз слова Хрыста” (Рым 10, 17). Гаворка ідзе не пра механічнае чытанне, а пра слуханне — пра ўнутранае ўспрыманне жывога голасу Божага праз тэкст Пісання. Менавіта гэтае слуханне нараджае веру, а не проста веды.
Такім чынам, чытанне Бібліі не можа быць зведзена да інтэлектуальнага працэсу. Яно павінна станавіцца малітвай, дыялогам, уважлівым чаканнем Божага дзеяння. Чалавек не проста чытае тэкст, але адначасова слухае, разважае, адкрывае сваё сэрца на прачытанае Слова. Калі гэта адбываецца, Пісанне перастае быць “літарай” і становіцца жывым Словам. Яно пачынае казаць, выкрываць, суцяшаць, накіроўваць. Праз яго Бог адкрывае Сябе — не толькі як прадмет ведання, але як Асобу, якая ўступае ў зносіны. У адваротным выпадку існуе небяспека: Біблія можа ператварыцца ў аб’ект чалавечых інтэрпрэтацый, у інструмент апраўдання ўласных думак і жаданняў. Тады чалавек ужо не слухае Бога, а шукае ў тэксце пацвярджэнне самому сабе. Такое чытанне не толькі бясплоднае, але і духоўна небяспечнае.
Сапраўднае ж чытанне заўсёды звязана з жаданнем пачуць, і гэтае ўнутранае імкненне робіць Пісанне невычэрпным, таму што становіцца месцам жывога дыялогу. Чалавек ужо не проста чытае — ён сустракаецца са сваім Госпадам. І ў гэтай сустрэчы выконваецца галоўнае: праз Слова адкрываецца Сам Бог, і сэрца чалавека пачынае гарэць, таму што ў ім гучыць Яго жывы голас.
Крыніца:
https://www.youtube.com/watch?v=-DclVf1vv4o&list=PLd5GCd1nrmcwdUxSbWSXRe2NWIwepKAQ1&index=5