Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Пра Слова Божае

Як распазнаць голас Божы. Пра малітоўнае чытанне Святога Пісання (Частка I)

Карына Грыбанава
Карына Грыбанава
04.02.2026 праглядаў 7 хвілін чытання
Як распазнаць голас Божы. Пра малітоўнае чытанне Святога Пісання (Частка I)

Як чытаць Святое Пісанне так, каб чуць голас Божы? Інакш кажучы, як зрабіць так, каб чытанне Бібліі стала малітвай?


Усе мы ведаем словы: “Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца. І няма стварэння, схаванага ад Яго, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма таго, перад якім мы адкажам” (Гбр 4, 12-13).

Гэты тэкст паказвае, што без навыку слухання Божага слова ў Пісанні, мы не маем яснага крытэрыю, як распазнаць Яго голас ва ўласным жыцці. Мы можам быць упэўнены ў боганатхнёнасці Святога Пісання і пры гэтым не заўсёды разумець, што ў ім напісана, але верыць, што гэта словы самога Бога. У такой сітуацыі галоўнае — адрозненне голасу Божага, які мы знаходзім у Пісанні, ад голасу Божага, які мы чуем у сваім сэрцы, і які вучымся правяраць і распазнаваць, бо не заўсёды ў ім упэўнены. Але што ж павінна адбыцца, каб словы, запісаныя на паперы, закранулі не толькі нашы фізічныя вушы і вочы, але і праніклі ў наша сэрца? Слова Божае здольнае зрабіць падзел у нашым сэрцы з дакладнасцю скальпеля хірурга. Мы, як тварэнне, адкрываемся погляду Таго, перад Кім урэшце будзем даваць справаздачу з нашых спраў. Ён, глядзіць на нас з праўдаю і любоўю, прысутнічае ў нашых канкрэтных жыццёвых абставінах, ведаючы ўсе нашы матывацыі, нават калі мы самі іх не ўсведамляем. Як жа навучыцца адрозніваць голас Божы ад фантазій і ўласных думак?


Адзіны крытэрый, які мы для гэтага маем — Святое Пісанне.

Ніжэй разбяром тры асноўныя мэты (этапы), для якіх мы чытаем Біблію.


1.Чытаем Пісанне, каб даведацца, чаму яно вучыць. Так мы атрымліваем звесткі пра Біблейскае вучэнне на тэму Бога, нашага збаўлення, адкуплення, вечнага жыцця, прынцыпаў, па якіх мы павінны жыць.


2. Чытаем Пісанне, каб спазнаць, якім ёсць Бог. Не толькі даведацца пра Яго, але спазнаць Яго прыроду, характар, як, калі і што Ён гаворыць чалавеку. Ісус сказаў: “Хто бачыў Мяне, бачыў Айца” (Ян 14, 9). Не толькі, хто Яго чуў, але і хто бачыў. Бачыў, як Айцец усміхаецца, сядае, устае, есць, паводзіць сябе ў розных сітуацыях, нават калі нічога не гаворыць, і як Ён любіць… Гэта ўсё не дактрынальная інфармацыя, гэта пытанне не звязанае з тым, што гаворыць Бог, але як гаворыць.


Перш чым пераходзіць да трэцяй мэты, варта яшчэ раз падкрэсліць, як важна чытаць Пісанне зыходзячы з дзвюх вышэйназваных мэт, таму што толькі так мы зможам адрозніць голас Божы ад сваіх думак.

У адпаведнасці з першай мэтай, першым адметным крытэрыем будзе наступнае: думкі павінны быць згодныя з Пісаннем, не могуць яму супярэчыць.

У адпаведнасці з другой мэтай, другім адметным крытэрыем будзе: думкі павінны быць згодныя з прыродай і характарам Бога, гэта значыць з любоўю. Не можа быць так, што нешта з’яўляецца дактрынальна правільным, але прасякнута страхам і запалохваннем. Калі так адбываецца, то маем знак, што гэта не голас Божы. Таксама можа цытаваць Пісанне і д’ябал, але калі мы ведаем Бога, Яго прыроду і характар, то адрознім, што гэта не Яго голас, нават калі ён гаворыць у адпаведнасці з правільным вучэннем. Такім чынам трэцім крытэрыем будзе спакой у сэрцы.

Можа паказацца, што мы чытаем Пісанне толькі для таго, каб мець дзве гэтыя мэты для распазнання голасу Божага. Але гэта не так. Зараз пяройдзем да трэцяй мэты.


3. Чытаем Пісанне, каб пачуць Яго голас.


Частай памылкай з’яўляецца аддзяленне малітвы ад чытання Пісання. Мы молімся, разважаем і ў той жа час імкнёмся пачуць Божы голас. Калі Гасподзь прамаўляе ў гэты момант, то мы выкарыстоўваем вышэйназваныя крытэрыі для распазнання Яго голасу. Але потым, калі заканчваем малітву і пачынаем чытаць Пісанне, ставім перад сабой толькі дзве мэты: даведацца тое, чаму вучыць Біблія і які Бог, і не пераходзім да трэцяй мэты — што ж Бог гаворыць мне праз Пісанне. Робячы так, мы засяроджваемся толькі на інфармацыі, на вучэнні, але так Пісанне можа чытаць нават атэіст. Гэта галоўная прычына чаму многія людзі, якія чытаюць Пісанне, не мяняюцца: яны чытаюць толькі на ўзроўні інтэлектуальнага пазнання, але не сустракаюцца з жывым Богам. Такія людзі могуць нападаць на вернікаў, выбарачна цытаваць фрагменты Бібліі, каб абгрунтаваць свой пункт гледжання. Яны не маюць веры, але затое набываюць веды. Таму прапаноўваць людзям чытаць Пісанне для таго, каб яны пакаяліся і звярнуліся да Бога, часта не мае сэнсу. Біблейскі тэкст сам па сабе так не працуе, усё залежыць ад матывацыі і адкрытасці сэрца.


Таму так важна чытаць Пісанне не толькі для таго, каб набыць веды, але ў першую чаргу для таго, каб пачуць Яго голас. Калі мы не ставім перад сабой гэтай трэцяй мэты, то можа здарыцца так, што мы не дасягнём і першых дзвюх. Чаму? Таму што, калі адкрываем Пісанне толькі для таго, каб даведацца, чаму яно вучыць, то чытаем тэкст праз прызму сваёй інтэрпрэтацыі, сваіх крытэрыяў і дактрын. Іншымі словамі: мы адкрываем Пісанне для таго, каб пацвердзіць сабе тое, што мы ўжо і так ведаем. І так мы пераконваемся ў сваёй праўдзе. Вядома, можа быць так, што мы даведаемся нешта новае, але ўсё ж ёсць вялізная небяспека, што пачнём чытаць Біблію чыста па-чалавечы. Большасць ерасяў з’явілася менавіта таму, што людзі шукалі ў Пісанні веды без дапамогі Духа Святога, не запытваючы Яго, што азначаюць словы, якія яны чытаюць.


Павел у пасланні да Рымлянаў 10, 17 піша, што “вера — ад пачутага, а пачутае — праз слова Хрыста”. Чытаючы Пісанне, мы слухаем голас Божы. Вера нараджаецца не з дапамогай самога тэксту, а дзякуючы голасу, які прамаўляе да нас у моманце чытання. Запісаны тэкст — гэта носьбіт Божага голасу, а не сам голас Божы. Калі чытаем Пісанне не для таго, каб сустрэцца з Самім Богам, гэта значыць, калі наша чытанне не з’яўляецца малітвай, то яно застаецца толькі чытаннем, якое не толькі не прыносіць ніякіх духоўных пладоў, але, што яшчэ горш, можа прынесці плады душэўныя ці плоцкія. Ёсць мноства прыкладаў у гісторыі, калі людзі чыталі Пісанне і гэта прывяло да найгоршых наступстваў, праз тое, што чытачы прыходзілі да высноў і канцэпцый, якім Біблія не вучыць, і пра якія Бог не казаў. Такім чынам, вельмі важна падыходзіць да чытання Пісання малітоўна, настройваючыся ўнутрана на “слуханне слова Божага”, Яго голасу, які прамаўляе да нас праз тэкст. Толькі так яно будзе ў нас “жывым і дзейсным і вастрэйшым за ўсялякі меч двусечны” і толькі так яно зможа дасягнуць самых глыбінь нашага духу і змяніць яго.


У Евангеллі ад Яна ў 17 главе 17 вершы сказана: “Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда”. З гэтых слоў мы даведваемся, што, па-першае, Божае слова не толькі праўдзівае, але само ў сабе з’яўляецца праўдай. А па-другое, толькі слова, якое з’яўляецца праўдай, можа нас асвяціць, падштурхнуць і ўтрымаць у святасці, ва ўчынках, якія па-сапраўднаму прыпадабняюць нас да нашага Айца. Таму калі матывацыяй чытання Слова не з’яўляецца жаданне адкрыцца на тое, каб яно зрабіла ў нас сваю працу, а толькі прысваенне чарговай інфармацыі, то мы “выкарыстоўваем” Слова не па прызначэнні.


У Евангеллі ад Яна ў 6 главе 63 вершы напісана: “Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём”. Тут гаворка ідзе не толькі пра прыроду Божага Слова. Больш важным з’яўляецца тое, што мы не можам ставіцца да Пісання толькі як да некалі матэрыяльна запісанага тэксту. Ад Езуса чуем: “Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём”. Ён, які сказаў, што з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём (гл. Ян 14, 6), Ён жа з’яўляецца і Словам, Словам — у першую чаргу асобай. І словы, якія Ён прамаўляе, калі прымаем духоўна, прыносяць нам Дух і жыццё. Дух Хрыста прамаўляе да нашага духу і ажыўляе яго. Таму, калі чытанне пазбаўлена Духа, то пазбаўлена і жыцця.



Матэрыял падрыхтавала Карына Грыбанава OV


Крыніца:

https://www.youtube.com/watch?v=-DclVf1vv4o&list=PLd5GCd1nrmcwdUxSbWSXRe2NWIwepKAQ1&index=5

Падзяліцца