Кожны дзень мы молімся: «Будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi». Але чаго тады насамрэч просім? Як Божая воля пераплятаецца з нашай чалавечай свабодай?
Божая воля — гэта перш за ўсё любоў Айца, якая ахоплівае ўсё стварэнне і жадае для яго збаўлення. Апостал Павел абвяшчае, што яе канчатковая мэта — падпарадкаваць усё Айцу, «каб Бог быў усё ва ўсім» (1 Кар 15, 28). Чалавек не здольны дасягнуць гэтага самастойна. Таму Божая воля выяўляецца як актыўная любоў: яна дзейнічае, аддае і дзеліцца сабой. З першых старонак Бібліі мы бачым, як Бог рэалізуе Свой план, прысутнічае ў свеце і імкнецца дапамагаць людзям.
Езус казаў апосталам: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне» (Ян 4, 34). Ежа — гэта тое, што падтрымлівае нашы сілы штодня, становіцца часткай нас саміх. Так і Божая воля: яна сілкуе чалавека, адначасова вызначаючы нашую місію і канкрэтныя жыццёвыя задачы.
Аднак спачатку варта развянчаць некаторыя стэрэатыпы. Сёння ўяўленні пра Божую волю і чалавечую свабоду часта выкарыстоўваюцца памылкова — нават у пропаведзях ці звычайных рэлігійных размовах.
1. Божая воля як «бетонны план»
Найбольш распаўсюджаная памылка — статычнае ўспрыманне Божай волі як залітага ў бетон, падрабязнага плана. Чалавеку здаецца, што ён павінен проста расшыфраваць гэты сцэнарый і слепа яго выканаць.
Такое бачанне часта сустракаецца сярод веруючых, асабліва тых, хто гадамі змагаецца за сваё пакліканне. Людзі баяцца зрабіць крок, напрыклад, пачаць шукаць мужа ці жонку, пакуль Бог цудоўным чынам не адкрые ім іх статус. Замест таго каб будаваць адносіны, яны чакаюць незвычайнага знаку ці падказкі з неба. Гэтае ўяўленне паралізуе чалавечую свабоду і здымае адказнасць за ўласнае жыццё. Адсюль можа нарадзіцца залішняя строгасць: замест жывой веры людзям хочацца мець гатовы спіс правілаў на кожны выпадак жыцця.
2. Божая воля як абавязковы цяжар
Яшчэ адна памылка — штучны кантраст паміж воляй Бога і воляй чалавека. Існуе перакананне, што Божая воля выконваецца толькі тады, калі чалавек ідзе насуперак уласным жаданням. Таму яе часта ўспрымаюць як нешта выключна цяжкае і пакутніцкае. На дадзенай канцэпцыі дагэтуль грунтуецца разуменне паслухмянасці ў многіх манаскіх супольнасцях.
Пры такім падыходзе ігнаруецца тое, што Бог можа дзейнічаць у чалавеку «знутры». Лічыцца, нібыта ўсё боскае сыходзіць толькі «зверху». Гэта абвяргае тэалагічную ісціну: Бог дзейнічае праз нашую прыроду, розум і натуральнае імкненне да дабра. Ён радуецца не толькі тады, калі мы робім тое, што лічым цяжкім. Вядома, маем схільнасці і жаданні, якія супярэчаць Богу, але многія з іх могуць адпавядаць Яго волі.
3. Фаталізм і здыманне адказнасці
Трэцяя памылка — фаталістычнае ўяўленне, якое прасцей за ўсё патлумачыць на прыкладзе. Малады хлопец нясецца на матацыкле праз вёску з хуткасцю 120 км/г. Ён не ўпісваецца ў паварот, вылятае з дарогі, уразаецца ў плот і гіне на месцы. На пахаванні людзі спачувальна кажуць адзін аднаму: «Шкада хлопца і бацькоў. Але відавочна, на тое была Божая воля».
У чым небяспека такіх слоў? Гэта прамое адмаўленне чалавечай свабоды і спроба апраўдаць нашыя памылкі. Не Бог ціснуў на газ, а гэта зрабіў канкрэтны чалавек, які прыняў небяспечнае рашэнне.
4. Бог як «Вялікі Кіраўнік»
Пры такім падыходзе Бога ўяўляюць як нейкага праграміста, які стварыў штучны свет і цалкам кіруе чалавекам, быццам героем камп’ютарнай гульні. Лічыцца, што кожны наш крок і нават надвор’е за акном распісаны ў глабальным кодзе, і ніводнае імгненне не выслізгвае ад пільнага назірання зверху.
Многія вернікі спрабуюць узгадняць з Богам кожны бытавы крок, а калі не атрымліваюць імгненнага знаку — крыўдзяцца і адыходзяць ад веры. Насамрэч яны адварочваюцца не ад Бога, а ад свайго ўласнага ідала. Страх перад такім “усёвідушчым вокам” паралізуе: людзі баяцца, што любое дробнае рашэнне (напрыклад, пайсці ў кіно ці застацца дома) парушыць план і разгневае Стварыцеля.
Як жа насамрэч звязаны Божая воля і чалавечая свабода? Звернемся да Кнігі Быцця і вобраза Эдэмскага саду. Сад сімвалічна вызначае рамкі нашай свабоды. Чалавек не мае абсалютнай аўтаноміі: ніхто не выбірае час, месца нараджэння ці сям’ю. У гэтых межах мы пакліканы працаваць, адпачываць і камунікаваць з Богам. Аднак у садзе ёсць мноства магчымасцей, якія сімвалізуюць пладовыя дрэвы.
Першая запаведзь Бога гучыць так: «З любога дрэва ў садзе ты можаш есці, але з дрэва пазнання дабра і зла не еш, бо ў дзень, калі пакаштуеш ад яго, памрэш» (Быц 2, 16-17). Чалавечае ўспрыманне, скажонае грахом, інстынктыўна засяроджваецца на забароне: «Не еш». Адно забароненае дрэва зацямняе ўсё астатняе. Пры гэтым мы ігнаруем пачатак фразы: «З любога дрэва можаш есці». Выглядае на тое, што Бог першапачаткова дае чалавеку велізарны выбар. Ніхто не стаіць над намі, паказваючы пальцам на кожны наступны крок. Чалавек павінен вырашаць сам. Нават адзіная забарона — гэта не абмежаванне, а клопат. Так бацька папярэджвае дзіця не чапаць гарачую пліту, каб абараніць яго ад пакут.
Бог дае нам шырокую аўтаномію ў межах Свайго плану. Мы вольныя прымаць мноства рашэнняў самастойна, без рабскага страху перад Ім.
Езус, як Сын Божы, безумоўна, ведаў волю Айца: Ён павінен быў абвясціць Царства Божае і аддаць жыццё за людзей. Аднак Яго чалавечая свабода не была скасаваная. Хрысту не падалі ўжо гатовы падрабязны план. Ён таксама мусіў шукаць адказы, вучыцца мудрасці, карыстацца розумам, сутыкацца са спакусамі і распазнаваць дзеянні Айца праз Духа Святога.
Тэолаг Ганс Урс фон Бальтазар пісаў, што абсалютная воля Айца была вядомая Сыну, але настаўленне Духа тычылася таго, якую форму гэтая воля павінна прыняць у кожнай канкрэтнай сітуацыі. Езус ведаў, што Яго шлях ляжыць у Ерусалім. Аднак сам свабодна вызначаў, дзе спыніцца, да каго звярнуцца і што сказаць.
Евангелле ад Марка вылучае чатыры крыніцы, праз якія Хрыстос распазнаваў Божую волю ў штодзённым жыцці:
Малітва і цішыня. Пасля напружанага дня ў Капернауме, дзе Езус дапазна аздараўляў хворых, Ён яшчэ да світання сышоў у пустыню. Калі вучні прасілі Яго вярнуцца да людзей, Хрыстос нечакана адказаў: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў» (Мк 1, 38). Аздараўленне хворых — цудоўная справа. Але Езус адчуў, што Яго місія ў гэты момант заключаецца ў тым, каб абвяшчаць Слова, а не проста быць лекарам. Менавіта ў цішыні і малітве Хрыстос захаваў вернасць Свайму сапраўднаму пакліканню.
Сустрэча з чалавекам і ўнутранае ўзрушэнне. Ледзь Хрыстос пакінуў пустыню, як да Яго звярнуўся пракажоны. Езус раптам змяняе Свой план і дапамагае яму, хоць толькі што казаў, што прыйшоў прапаведаваць. Чаму? Яго ахапіла глыбокае ўзрушэнне. Гэтае духоўнае хваляванне стала для Яго знакам: Айцец хоча дапамагчы гэтаму чалавеку прама зараз. Езус не выкарыстоўвае тут малітву распазнання — Ён дзейнічае неадкладна, адгукаючыся на шчыры зварот чалавека, які таксама дазваляе яму выбіраць, як дзейнічаць: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць» (Мк 1, 40).
Слова Божае. Калі фарысеі абвінавацілі вучняў у парушэнні суботы, Езус звяртаецца да Пісання: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім?» (Мк 2, 25). Хрыстос ведаў тэкст Пісання, разважаў над ім і праз яго тлумачыў волю Айца, прыкладаючы падзеі мінулага да сучаснасці.
Здаровы сэнс. Калі апосталы вяртаюцца з місіі, Езус кажа ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце» (Мк 6, 31). Гэта простая чалавечая логіка. Бог стварыў чалавека з плоці і духу, што накладае фізічныя абмежаванні. Адпачынак пасля працы — гэта таксама Божая воля.
Сустрэча з язычнікамі. Пры сустрэчы з сірафініцыянкай-язычніцай, якая прасіла выгнаць дэмана з яе дачкі, Езус спачатку адмовіўся, бо быў пасланы найперш да народу Ізраіля. Аднак, убачыўшы настойлівасць і веру жанчыны, Хрыстос распазнаў у гэтым волю Айца і вылечыў дзяўчынку (Мк 7, 24-29). Езус не стаў трымацца літары закону, а застаўся адкрытым на Духа Святога. Закрытасць — частая памылка вернікаў. Многім здаецца, што калі чалавек не належыць да «нашых», то Бог не можа прамаўляць праз яго (як часам адкідаюць спадчыну Марціна Лютэра і іншых). Але Бог можа выкарыстоўваць кожнага, бо Ён шчодра надзяляе прыроднымі талентамі ўсіх людзей.
Божая воля адкрываецца нам праз розныя інструменты: асабістую малітву, Святое Пісанне, пачуцці, здаровы сэнс і іншых людзей, нават тых, ад каго мы не чакалі б нічога добрага, а таксама праз мысленне. Гэтыя крыніцы нельга падзяляць па прынцыпе «альбо-альбо». Божая воля адкрываецца тады, калі ўсё гэта працуе разам: мы молімся, ведаем Слова Божае, карыстаемся розумам — і тады здольныя пачуць падказку нават ад выпадковага незнаёмца.
Пазнанне Божай волі — гэта заўсёды жывы і дынамічны працэс. Акрамя напісаных запаведзяў і голасу сумлення, існуе ўнутраны закон Духа Святога, які немагчыма зафіксаваць на паперы. Дух прамаўляе да кожнага чалавека індывідуальна, улічваючы яго жыццёвы этап, умовы і слабасці. Для сталага ў веры чалавека сухіх знешніх правілаў будзе проста недастаткова. Бог можа выкарыстаць што заўгодна, каб гаварыць з ім і адкрываць Сваю волю.
Крыніцы:
https://www.youtube.com/watch?v=_SrDrWK7RpI
https://gorka.jezuici.pl/2013/08/jak-spenia-wol-bo/2/
https://m.katolik.pl/badz-wola-twoja-----a-wolnosc-moja-,38158,416,cz.html