Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Пра Слова Божае

Гісторыя вяртання дамоў: міласэрны Айцец (частка 3)

Анастасія Філіповіч
Анастасія Філіповіч
16.04.2026 праглядаў 8 хвілін чытання
Гісторыя вяртання дамоў: міласэрны Айцец (частка 3)

З першай і другой часткамі артыкула можна азнаёміцца тут:

https://viartannie.org/article/gistoryya-vyartannya-damo-malodshy-syn-chastka-1/813

https://viartannie.org/article/gistoryya-vyartannya-damo-stareishy-syn-chastka-2/819


* * *


Рукі Айца

Сапраўдны цэнтр карціны Рэмбранта — рукі бацькі. На іх сканцэнтравана ўсё святло; на іх скіраваны погляды тых, хто стаіць побач; на іх сыходзяцца прабачэнне, прымірэнне і ацаленне. Праз іх знаходзяць супакой не толькі стомлены сын, але і змучаны бацька. Гэтыя рукі — Божыя рукі.



Гэтыя дзве рукі зусім розныя. Левая рука бацькі, якая дакранаецца да пляча сына, моцная і мускулістая. Пальцы шырока расстаўлены і пакрываюць вялікую частку пляча і спіны блуднага сына. Гэтая рука, здаецца, не толькі дакранаецца, але і сваёй сілай утрымлівае. Зусім іншай ёсць правая рука бацькі! Гэтая рука не трымае і не сціскае. Яна вытанчаная, мяккая, вельмі пяшчотная. Пальцы блізка адзін да аднаго. Яна мякка ляжыць на плячы сына. Яна хоча гладзіць, дарыць суцяшэнне і спакой. Гэта матчына рука.


Генры Нувен дзеліцца, што ў пэўны момант зразумеў, што Бог-Айцец — і маці, і бацька адначасова. Ён дакранаецца да сына мужчынскай і жаночай рукой. Ён трымае, і нібыта жанчына, лашчыць. Ён — сапраўды Бог, у якім мужнасць і жаноцкасць, бацькоўства і мацярынства прысутнічаюць цалкам. Гэтая пяшчотная правая рука нагадвае словы прарока Ісаі: “Ці ж забудзецца жанчына пра немаўля сваё, каб не пашкадавала сына ўлоння свайго? Але нават калі яна забудзецца, Я не забудуся пра цябе! Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае перада Мною заўсёды” (Іс 49, 15-16).


Сэрца Евангельскага паслання

Хрыстос сваім жыццём хоча ясна даць зразумець, што Бог, пра Якога Ён гаворыць, — гэта Бог спагады, які з радасцю прымае ў Свой дом грэшнікаў, што пакаяліся. Калі Бог даруе грэшнікам, то і тыя, хто верыць у Бога, павінны рабіць тое ж самае. Калі Бог спагадлівы, то і тыя, хто любіць Бога, таксама павінны быць спагадлівымі. Бог-Айцец, пра якога кажа Езус і імем Якога дзейнічае, — гэта Бог спагады, Бог, які прапануе Сябе як прыклад і ўзор для ўсяго чалавецтва. Але гэта яшчэ не ўсё. Стаць падобным да Нябеснага Айца — гэта не проста адзін з важных аспектаў вучэння Езуса, гэта само сэрца Яго паслання. Пакуль мы належым гэтаму свету, то застаёмся падуладнымі яго правілам і чакаем узнагароды за ўсё добрае, што робім. Але калі мы належым Богу, Які любіць нас без умоў, мы можам жыць, як жыве Ён. “Метанойя”, да якой заклікае Езус Хрыстус, — гэта пераход ад прыналежнасці гэтаму свету да прыналежнасці Богу.


Калі незадоўга да Сваёй смерці Езус моліцца Айцу за Сваіх вучняў, Ён кажа: “Яны не са свету, як і Я не са свету. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17, 18; 20-21). Як толькі мы апынёмся ў Божым доме як Яго сыны і дочкі, мы зможам быць падобнымі да Яго, любіць падобна да Яго, быць добрымі падобна да Яго, клапаціцца як Ён. Езус не пакідае сумневаў у гэтым, калі тлумачыць: “Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж. Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 32-36).


Гэта сэрца Евангелля. Шлях, якім людзі пакліканы любіць адзін аднаго, — гэта Божы шлях. Мы пакліканы любіць адзін аднаго той самай бескарыснай, безумоўнай любоўю, якую маем праз Айца. Больш за тое, гэта павінна быць радыкальная любоў да ворага. Калі мы не толькі прымаем ад Бога, але і прымаем як Бог, мы можам стаць падобнымі да Нябеснага Айца і бачыць свет Яго вачыма.


Хрыстос як узор

Езус — сапраўдны Сын Айца. Ён — узор для нашага станаўлення Айцом. У Ім жыве ўся паўната Боскасці, Яму належыць уся сіла Божая. Яго адзінства з Айцом настолькі блізкае і поўнае, што бачыць Езуса — значыць бачыць Айца: “Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: Пакажы нам Айца?” (Ян 14, 8-9).


Хрыстос паказвае нам, што такое сапраўднае сыноўства. Ён — малодшы сын, але без бунту. Ён — старэйшы сын, але без крыўды. Ва ўсім Ён паслухмяны Айцу, але ніколі не з’яўляецца Яго рабом. Ён чуе ўсё, што кажа Айцец, але гэта не робіць Яго слугой. Ён робіць усё, што Айцец пасылае Яго зрабіць, але застаецца цалкам свабодным. Ён аддае ўсё і атрымлівае ўсё. Ён адкрыта заяўляе: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое таксама робіць Сын. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся. Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго” (Ян 5, 19-23).

Да такога сыноўства пакліканы і мы. Тайна адкуплення ў тым, што Сын Божы стаў чалавекам, каб усе страчаныя дзеці Божыя маглі стаць сынамі і дочкамі. У гэтай перспектыве гісторыя пра блуднага сына набывае зусім новае вымярэнне. Езус, Улюбёны Сын Айца, пакідае Яго дом, каб узяць на Сябе грахі ўсіх дзяцей Божых і прывесці іх дадому. Такім чынам, дзеля кожнага з нас Хрыстос становіцца і малодшым, і старэйшым сынам, каб паказаць, як стаць міласэрным Айцом.


Шляхі да міласэрнасці

Генры Нувен бачыць два шляхі да сапраўднай спагады: прабачэнне і шчодрасць.


Прабачэнне. Менавіта праз пастаяннае прабачэнне мы становімся падобнымі да Айца. Хрыстос сказаў Сваім вучням: “Калі ж брат твой зграшыць, дакары яго, а калі пакаецца, прабач яму. І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: «Каюся», — прабач яму” (Лк 17, 3-4).


Паводле Нувена, мы часта можам казаць словы “я прабачаю”, але яны не будуць шчырымі. Божае прабачэнне безумоўнае; яно паходзіць з сэрца, якое нічога не патрабуе для сябе, сэрца, цалкам пазбаўленага эгаізму. Гэта боскае прабачэнне мы павінны практыкаваць у сваім штодзённым жыцці. Яно заклікае пастаянна пераступаць праз усе аргументы пра тое, што прабачэнне неразумнае, нездаровае і непрактычнае. Такое прабачэнне патрабуе ад мяне пераступіць праз тую параненую частку майго сэрца, якая адчувае сябе пакрыўджанай. Прабачэнне — гэта спосаб пераступіць праз сцяну і прыняць іншых у маё сэрца, нічога не чакаючы ўзамен. Толькі калі я памятаю, што я — Улюбёнае Дзіця, я магу прымаць тых, хто хоча вярнуцца, з тым жа спачуваннем, з якім Айцец прыняў марнатраўнага сына і штодня прымае мяне.


Шчодрасць. У прыпавесці бацька не толькі дае малодшаму сыну ўсё, што той просіць, але і надзяляе яго дарамі па вяртанні. А старэйшаму сыну ён кажа: “Усё маё — тваё”. Няма нічога, што бацька пакідаў бы для сябе. Ён аддае сябе дзеля сваіх сыноў.


Ён не проста прапануе больш, чым можна разумна чакаць ад таго, каго пакрыўдзілі. Наадварот, ён цалкам аддае сябе без астатку. Абодва сыны для яго — “усё”. Тое, як айцец дае малодшаму сыну лепшае адзенне, пярсцёнак, сандалі і прымае яго дадому з раскошным святам, а таксама тое, як старэйшага сына заклікае далучыцца да малодшага брата за сталом, ясна паказвае, што ўсе межы сыноўска-бацькоўскіх паводзінаў пераадоленыя. Гэта не проста вобраз ідэальнага бацькі. Гэта адлюстраванне Бога, чыя любоў, прабачэнне, клопат, радасць і спагада не маюць межаў.


Каб стаць падобным да Айца, як кажа святар у сваёй кнізе, мы павінны быць такімі ж шчодрымі, як шчодры і наш Айцец. Як Айцец аддае Сябе Сваім дзецям, так і мы павінны аддаваць сябе братам і сёстрам. Хрыстос ясна дае зразумець, што менавіта гэта самааддача з’яўляецца адметнай рысай сапраўднага вучня: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13).


Гэта самааддача — вынік дысцыпліны, таму што яна не прыходзіць спантанна. Як дзеці цемры, якімі кіруе страх, карысць, прагнасць і ўлада, нашымі галоўнымі матыватарамі з’яўляюцца выжыванне і самазахаванне. Але як дзеці святла, якія ведаюць, што дасканалая любоў праганяе ўсялякі страх, мы можам аддаваць усё, што маем, дзеля іншых. Такім чынам, аддаючы ўсё, мы набываем усё.


Кожны раз, калі мы робім крок у напрамку шчодрасці, мы ўсведамляем, што рухаемся ад страху да любові. Але гэтыя крокі, асабліва спачатку, цяжка зрабіць, таму што ёсць так шмат эмоцый і пачуццяў, якія ўтрымліваюць нас ад таго, каб без даваць меры: “Чаму я павінен аддаваць энергію, час, грошы і нават увагу таму, хто мяне пакрыўдзіў? Чаму я павінен дзяліцца сваім жыццём з тым, хто не праяўляе да яго павагі?”


І ўсё ж праўда ў тым, што ў духоўным сэнсе той, хто мяне пакрыўдзіў, належыць да майго “роду”. Слова “шчодрасць” уключае корань “gen”, які мы таксама знаходзім у словах “род”, “пакаленне”. Гэты корань адсылае да нашага сваяцтва. Шчодрасць — гэта дар, які паходзіць з ведання гэтай глыбокай сувязі. Сапраўдная шчодрасць — гэта жыццё ў адпаведнасці з праўдай, а не з пачуццямі ўнутры нас. І кожны раз, калі мы дзейнічаем так, гэтая праўда становіцца для нас больш відавочнай, чым проста словы.



Паводле кнігі Генры Нувена «The return of the prodigal son: the story of homecoming».

Падзяліцца