- СЛОВА
- 4003
Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?... Мы часта наіўна думаем, што вера нашых бліжніх залежыць ад таго, як мы за іх молімся, як мы ім даказваем праўды веры і г.д. Такая вось своеасаблівая залежнасць ад людзей. Праўда, Езус кажа нам, каб мы былі святлом для іншых і прыкладам, але нідзе Ён не сказаў нам, каб мы змушалі іншых глядзець на гэта нашае «святло». Логіка Божая зусім іншая. Ты, чалавеча, галоўнае свяці, ты сам старайся, ну а каму трэба, той убачыць. Гэта ўжо не ад цябе залежыць, а ад Госпада і ад іншага чалавека. Вось чаму Езус не адказвае на такія хвалюючыя нас пытанні. Больш за тое, Евангелле кажа нам, што Езус у той час, калі Яму задаюць гэтае пытанне, ішоў у Ерузалем. Гэта была Яго вузкая брама, гэта была Яго вайна і ніхто за Яго гэтага не вырашыць і нікога сілком Ён за сабой не пацягне. Вучні разбягуцца, Ён іх не зможа стрымаць, а пасля кожны з іх у Духу Святым прыме сваё асабістае рашэнне, і ў выніку яны зноў збяруцца.