И, крестившись, Иисус тотчас вышел из воды. Езус адразу выходзіць з вады, бо не вызнаваў грахоў, так як іншыя, бо іх не меў. Значыць, для Яго хрост у Ярдане меў зусім іншае значэнне, чым для большасці людзей. Яму не трэба было каяцца. Усе евангелісты паказваюць хрост Езуса на самым пачатку Яго Місіі зусім не выпадкова. Да гэтага моманту (Езусу было 30 год) мы пра Яго амаль нічога не ведаем. Ад моманту ж хрышчэння для Езуса пачынаецца зусім новы этап Яго жыцця. Ён пачынае публічную дзейнасць, Яго місія набіраецца сілы з Вышыні. Менавіта таму Ян бачыць сыходзячага Духа Святога і чуе голас Нябеснага Айца. Езус атрымлівае намашчэнне, памазанне, бласлаўленне свайго Айца. Гэта як новае нараджэнне. Таму Ён акунаецца ў ваду і там, пад вадой, пакідае свае трыццаць год жыцця, каб, вынырнуўшы, пачаць новую дзейнасць — у сіле Святога Духа...
Езус мог бы ўсё растлумачыць, разжаваць і Яну, і вучням, сказаць: «Так, Я Месія, пра Мяне піша Ісая, і яшчэ той, і іншы — словам, не сумнявайся» і г.д. Аднак Ён так не сказаў. Дакладней, Ён кажа, але не да канца, усё больш намёкамі, якія часта не дадаюць нам жаданай чалавечай упэўненасці. А так бы хацелася яе мець! Гэта Яго педагогіка. Але чаму менавіта такая? Бог хоча, каб наша вернасць Яму была нашым жаданнем, рызыкай, памкненнем, а не рабствам. Вера – гэта рызыкоўны выбар! Гэта, калі хочацце, гвалт над сабой і над Небам, але менавіта такія, як казаў Езус, здабываюць Валадарства Нябеснае. У той час, калі мне хочацца пачуць правільны адказ, каб за мяне штосьці рашылі альбо да чагосьці падштурхнулі, падагналі, Бог хоча, каб я сам прымаў рашэнні ў веры.